Як жывеш, малады спецыяліст?

Тэрыторыя моладзі

Як і абяцалі ў мінулым нумары газеты, сёння мы пазнаёмім вас з маладымі спецыялістамі сельгаспрадпрыемства «Аравічы» і Хойніцкай ветэрынарнай станцыі.

IMG_8965Для адных 5 гадоў адпрацоўкі — пакуты

Хацелася б, каб горкі вопыт Аляксея Казмерчука, які зараз выконвае абавязкі галоўнага інжынера КСУП «Аравічы», стаў павучальным для будучых абітурыентаў. Справа ў тым, што Лёша вучыўся ў ліцэі, потым каледжы, а затым атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце. Усё навучанне па адной спецыяльнасці – інжынернай. Студэнцкія гады былі цікавымі, але надышоў час адпрацоўкі. І тут вось малады чалавек зразумеў, што гэта цалкам не яго прафесія, памыліўся з выбарам. Калектыў яму падабаецца, але, як кажуць, гэта не яго. Што цяпер рабіць? Галоўная загвоздка ў тым, што вучыўся юнак па мэтаваму накіраванню і цяпер трэба адпрацаваць… ды не два-тры гады, а цэлых пяць. Нічога з гэтым не зробіш – вось зараз і бядуе інжынер. Таму, каб у будучым не расчаравацца, варта яшчэ ў школе дакладна вызначыцца з будучай прафесіяй. Ці гатовы вы працаваць у сельскай гаспадарцы, ці ўсведамляеце, як гэта няпроста?

IMG_8976Вось брыгадзір паляводчай брыгады Павел Раманоўскі ганарыцца сваёй сямейнай дынастыяй, якая звязана з сельскай гаспадаркай. Бацькі працавалі ў калгасе, бабуля некалі была галоўным заатэхнікам у раёне. Таму Паша не па чутках ведаў, што праца на зямлі і фермах нялёгкая, але складанасцей малады чалавек не баіцца. Лёгка ўліўся ў калектыў, хутка схоплівае ўсе тонкасці прафесіі. Мы яго заспелі на Храпкаўскім малочна-таварным комплексе, дзе брыгадзір сачыў за трамбоўкай траншэі. Нешта занатоўваў у блакнот, адказваў на частыя тэлефонныя званкі, карацей кажучы, быў цалкам пагружаны ў работу.

IMG_8971Тут жа, на комплексе, пазнаёміліся з яшчэ адным маладым спецыялістам – Арцёмам Маславым. Ён працуе ветфельчарам. Яшчэ ў школе яму падабалася біялогія, таму паступаў у Рэчыцкі аграрны каледж асэнсавана. І не шкадуе. Работа цікавая, хаця, як і ўсюды, ёсць свае плюсы і мінусы. Нядаўна Арцём ажаніўся, маладой сям’і выдзелілі дом у Храпкаве. Наогул мы яшчэ раней планавалі напісаць у газеце пра гэтага юнака, бо чулі, што ён добра малюе і надзвычай душэўна іграе на гітары. У гаспадарцы на святы яго запрашаюць выступіць – і ён ніколі не адмаўляе. Вось як бывае: і працавіты, і таленавіты.

Іншыя самі заключаюць кантракт на пяцігодку

IMG_9001Адны думаюць, як бы гэта адпрацаваць пяць гадоў, а іншыя самі імкнуцца заключыць кантракт на пяць гадоў. Вось, як напрыклад, Сяргей Гаркуша. Гэты малады чалавек вельмі цікавай прафесіі – правізар ветэрынарнай медыцыны. Родам ён з Калінкавіцкага раёна, закончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Прыехаўшы ў наш раён, адразу згадзіўся заключыць кантракт на пяць гадоў, за што яму належыць атрымаць 200 базавых велічынь (36 мільёнаў рублёў). Чым не матэрыяльны стымул?

IMG_8982

IMG_8991Яшчэ адзін важкі бонус – службовае жыллё, яму выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў доме № 10а па вуліцы 70 год Кастрычніка. Мы там таксама пабывалі – светла, утульна, хаця мэблі пакуль не хапае, але гэта, як кажуць, справа нажыўная. Ну і, канешне, адным з самых каштоўных набыткаў на нашай зямлі для Сяргея будзе прафесійны вопыт, а можа і нешта большае.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *