Даць бой бескультур’ю


24 сакавіка інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкома пад старшынствам кіраўніка раёна А.В. Бічана выязджала на сустрэчу з работнікамі ДЭУ-155. У адпаведнасці з выбарчай тэматыкай сабраўшымся даведзена неабходная інфармацыя, падкрэслена, што доўг кожнага жыхара раёна – прыйсці 25 красавіка на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 26 склікання.

У ходзе размовы закраналіся пытанні ўзмацнення адказнасці за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, паступлення выпускнікоў школ у ВНУ, сярэднія спецыяльныя і ўстановы прафтэхадукацыі. У рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства неабходна прывесці ў парадак асфальтавае пакрыццё, тэрыторыі ўздоўж дарог, якія знаходзяцца на абслугоўванні ў ДЭУ-155.

“Не праходзьце маўкліва і абыякава міма непрыстойных паводзін на глебе п’янства, калі асобы з затуманенай спіртным свядомасцю разбіваюць, псуюць помнікі, агароджы, ліхтары, лавачкі, малыя архітэктурныя формы, – адзначыў старшыня райвыканкома А.В. Бічан. – Супраць бескультур’я зброя адна – актыўны ўдзел у навядзенні парадку як можна большай колькасці людзей. Тое, што зроблена сваімі рукамі, чалавек ніколі не знішчыць, бо шкадуе і цэніць плады сваёй працы”.

У ходзе размовы ўнесена яснасць у пытанне адкрыцця лазні ў мікрараёне “Юбілейны”. На гэтым аб’екце ўнутраныя аддзелачныя работы завершаны, замінка ва ўстаноўцы вентыляцыі. Адкрыць лазню плануецца да 15 красавіка. Галоўнае, каб яна, уведзеная ў строй, не была стратнай як у Глінішчы, Судкова, Храпкаве.

Каб зняць праблему забруджвання наваколля дрэннымі пахамі скідваемай кісламалочнай сыроваткі ПУП “Палескія сыры”, распрацоўваецца праект на будаўніцтва лакальных ачысных збудаванняў. Разам з тым прапрацоўваецца пытанне ўтылізацыі сыроваткі шляхам яе згушчэння на “Палескіх сырах”. 

Наконт якасці пітной вады паведамлена, што за апошнія 22 гады пасля аварыі на ЧАЭС перавышэнняў дапушчальных нарматываў па стронцыю, цэзію не зарэгістравана. Па мікрабіялагічных паказчыках выйграе водаправодная вада, калодзежную, асабліва ў перыяд актыўнага раставання снегу, неабходна кіпяціць.

Старшыня райвыканкома А.В. Бічан, падводзячы вынікі размовы, выказаў надзею на разуменне працоўным калектывам ДЭУ-155 важнасці і неабходнасці выканання ўсіх пастаўленых задач, пажадаў выйсці з фінансава-эканамічнага крызісу ўзмоцненымі, нарасціўшы аб’ёмы вытворчасці.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *