Ад любімых заняткаў — да майстэрства


Людміла Іванаўна Мароз ужо 17 год працуе настаўніцай абслугоўваючай працы ў дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі. Асноўнай задачай сваёй работы лічыць развіццё творчай актыўнасці вучняў. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвае такія віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як інкрустацыя і аплікацыя з саломкі, фларыстыка, вышыўка, бісерапляценне, нітачны дызайн, скураная пластыка і мазаіка. 

 – Знаёмства вучняў з народным мастацтвам садзейнічае пашырэнню і развіццю творчых інтарэсаў, духоўных патрэбнасцей, станаўленню мастацкага густу. Для мяне вельмі важна раскрыць свет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ўвабраў у сабе шматвекавыя ўяўленні, і перадаць дзецям свае навыкі, – расказвае Л.І. Мароз.

Людміла Іванаўна са сваімі вучнямі змагла дабіцца многіх поспехаў: яны неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і ўдзельнікамі абласных алімпіяд. Акрамя, таго атрымалі шырокае прызнанне на рознаўзроўневых конкурсах і ў час дэманстрацый сваіх работ на выстаўках.

У 2007 годзе адразу дзве яе вучаніцы вярнуліся з абласной алімпіяды з Дыпломамі III ступені. Значны поспех быў на адпаведным спаборніцтве ў наступным, 2008 годзе, калі Алена Куліцкая атрымала прызавое трэцяе месца.  Пад кіраўніцтвам Л.І. Мароз вучні ствараюць карціны, сюжэты якіх твораць цуды: вяртаюць дарослых у свет дзяцінства, сумных робяць вясёлымі, а ў тых, хто страціў веру, усяляюць агеньчык надзеі. Гледзячы на гэта хараство, душа напаўняецца радасцю. Кожная работа па-свойму прыгожая і любімая, бо ёй аддадзена многа сіл, часу.

Не дзіўна, што многія выпускнікі прынялі “прафесійную” эстафету ад сваёй любімай настаўніцы. Бо менавіта Людміла Іванаўна дапамагла ім акунуцца ў вясёлку фарбаў навакольнага свету і перанесці цудоўныя вобразы на твор.

А любоў да мастацтва Л.І. Мароз прывілі бабуля і маці яшчэ ў дзяцінстве. З кожным днём яна ўдасканальвала свае навыкі і паступова яе хобі перарасло ў прафесійнае майстэрства. Зараз колькасць яе работ не пералічыць. Многія з іх знаходзяцца дома і іграюць яркімі фарбамі ў кожным пакоі. 


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *