Стала роднай зямля хойніцкая

Сельское хозяйство

Марыя Васільеўна Штагер нарадзілася ў Закарпацкай вобласці былога СССР – казачна прыгожым, ахутаным старажытнымі легендамі і паданнямі краі букавых і ясеневых лясоў, хуткіх горных рачулак і крыштальна чыстых крыніц. Аднак эканамічныя бязладдзі канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя не абмінулі і гэты чароўны край: занемаглі багатыя раней калгасы і саўгасы, узрасло беспрацоўе, не па днях, а па гадзінах сталі расці цэны на харчовыя і прамысловыя тавары. Сям’я Штагераў была немалой – сямёра дзяцей (акрамя самой Марыі, яшчэ трое братоў і столькі ж сясцёр), якіх трэба было пракарміць і паставіць на ногі. Таму бацькі вырашылі ў 1989 годзе скарыстацца падказкай і парадай адной з суседак, якая была родам з Хойнікшчыны, і вырашылі пашукаць шчасця на беларускай зямлі.

У саўгасе “Судкова” перасяленцаў сустрэлі гасцінна, і тагачасны дырэктар гаспадаркі М.І. Садчанка адразу прапанаваў ім работу і, хаця і не новае, але ўпаўне дыхтоўнае жыллё ў Храпкаве. На мясцовую ферму ўладкаваліся бацькі і старэйшыя дзеці. Вяскоўцы спачатку прыглядваліся да новых работнікаў, а потым негалосна, але трывала і надоўга прынялі іх у свой калектыў. Ды і было за што: і маці Ганна Гаўрылаўна, і бацька Васілій Пятровіч у жывёлагадоўлі былі не навічкамі, а да сваіх працоўных абавязкаў ставіліся так, што ў хуткім часе заслужылі давер і павагу ў кіраўніцтва гаспадаркі і ў таварышаў па рабоце.

Да самага выхаду на пенсію маці была даяркай на Храпкаўскай МТФ, а бацька даглядчыкам жывёлы.

Старалася і Марыя Васільеўна. Спачатку працавала падменнай даяркай, а потым ёй даверылі асобную групу кароў. Павольна плылі гады, маладая даярка паступова набіралася вопыту, асвойваючы сакрэты прафесіі. І неяк не заўважыла, што зараз больш маладыя жывёлаводы вучацца ўжо ў яе самой. А павучыцца ў Марыі Васільеўны ёсць чаму, бо за гэтыя два дзесяцігоддзі яна прайшла шлях ад навічка да лепшай па прафесіі ў раёне. Гэтае званне жанчына атрымала па выніках мінулага года, калі яна ўпершыню ў раёне надаіла больш чым па 6 тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы. За гэтае працоўнае дасягненне прозвішча М.В. Штагер занесена на раённую Дошку гонару.

Калі спытаў у Марыі Васільеўны аб тым, ці не цягне яе на зямлю дзяцінства, яна адказала так:

– Канешне, спачатку было. Аднак потым прывыклі і зараз лічым Хойнікшчыну сваёй радзімай. Тут нарадзіліся нашы дзеці, пайшлі на заслужаны адпачынак бацькі, у кожнага з маіх братоў і сясцёр зараз ёсць свой дом. Тут я працую ў выдатным і дружным калектыве. Аб чым іншым яшчэ можна марыць?

Прыязныя і сяброўскія адносіны паміж работнікамі фермы Марыя Васільеўна выдзяляе асабліва, як фактар, што спрыяе эфектыўнай і творчай працы. Сярэдні ўзрост персанала фермы не перавышае 30 гадоў, а дзе маладосць – там і запал, і энергія, і энтузіязм. Нездарма ж калектыў Храпкаўскай МТФ сёння лічыцца адным з лепшых у раёне, што і пацвярджаюць паказчыкі яго работы.

У рэдкія вольныя гадзіны Марыя Васільеўна любіць пасядзець за цікавай кніжкай, рэгулярна выпісвае нашу “раёнку”, “Советскую Белоруссию” і часопіс “Гаспадыня”. А нядаўна, акурат на каталіцкае Ражство, яе старэйшая дачка Алеся падарыла маладой бабулі ўнучку, так што клопатаў цяпер павінна прыбавіцца. Малодшы сын у гэтым годзе заканчвае вучобу ў Судкоўскай сярэдняй школе. 

Як і два дзесяцігоддзі назад, кожную раніцу, яшчэ да 6 гадзін, спяшаецца Марыя Васільеўна на ферму. Тут яна праводзіць амаль увесь светлавы дзень. Зараз у яе групе 34 дойныя каровы, кожная з якіх патрабуе увагі, догляду і ласкі. І кожная атрымлівае іх ад жанчыны, якая ўжо не ўяўляе сябе без гэтых добрых і даверлівых рагуль, без сябровак па рабоце, без таго, што складае асноўную частку яе жыцця.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *