У поўнай гатоўнасці


Як правіла, кожная выбарчая кампанія на Казялужскім выбарчым участку № 18, які размяшчаецца ў памяшканні мясцовай школы, праходзіць арганізавана, пры высокай яўцы выбаршчыкаў. Вялікую ролю ў гэтым, несумненна, адыгрывае належная падрыхтоўка да выбараў.

Старшынёй участковай выбарчай камісіі  з’яўляецца намеснік дырэктара Казялужскай сярэдняй школы па вучэбнай рабоце Людміла Сяргееўна Сацура. Вялікі вопыт у правядзенні важнай кампаніі маюць члены камісіі санітарка фельчарска-акушэрскага пункта в. Казялужжа Ірына Фёдараўна Атрошчанка і настаўніца пачатковых класаў Нэлі Іванаўна Лешчанок.

Хаця да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў застаецца яшчэ час, на выбарчы ўчастак прыходзяць людзі, каб пацікавіцца новаўвядзеннямі ў заканадаўстве. Дзеля гэтага  аформлены куток выбаршчыка з усёй неабходнай літаратурай, дзе змешчана Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь    № 21 “Аб назначэнні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў”, Выбарчы кодэкс са змяненнямі і дапаўненнямі па стану на 19 студзеня 2010 года.

Члены выбарчай камісіі адзначаюць актыўнасць моладзі. Маладыя людзі, якім прадстаіць упершыню прыняць удзел у галасаванні, асабліва цікавяцца матэрыяламі на выбарчую тэматыку. Так, выпускнік школы, а цяпер студэнт Калінкавіцкага аграрнага каледжа, Вадзім Краўчанка сказаў, што ў дзень выбараў аддасць свой голас за дастойнага кандыдата ў дэпутаты менавіта на гэтым участку.

Зараз удакладняюцца спіскі выбаршчыкаў, іх на ўчастку налічваецца больш за 400 чалавек, з 9 па 19 красавіка будзе арганізавана тут дзяжурства  членаў выбарчай камісіі.

А дзень выбараў  мяркуюць ператварыць у своеасаблівае свята: перад выбаршчыкамі выступяць удзельнікі мастацкай самадзейнасці, а тым, хто ўпершыню выкажа сваё волевыяўленне, будуць уручаны сувеніры.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *