Фестываль газет і часопісаў


У адпаведнасці з загадам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама ад 18.01.2010 № 31 “Аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства ў г. Хойнікі ў верасні 2010 года” з 1 красавіка па 5 верасня Гомельскі дзяржаўны абласны цэнтр турызму і краязнаўства вучнёўскай моладзі праводзіць адкрыты абласны фестываль газет і часопісаў устаноў адукацыі.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца вучні агульнаадукацыйных устаноў усіх раёнаў Гомельскай вобласці, па жаданню – іншых рэгіёнаў Беларусі.

На фестываль прадстаўляюцца спецыяльныя выпускі газет і часопісаў, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства. Яны павінны адпавядаць наступным крытэрыям: раскрыццё тэмы, актуальнасць, інфармацыйная напоўненасць; творчы падыход да зместу, літаратурна-мастацкі ўзровень матэрыялаў, журналісцкае майстэрства; арганізацыя матэрыялу: структура, разнастайнасць жанраў і рубрык, сродкі падачы; арыгінальнасць, вобразнасць; афармленне, выкарыстанне ілюстрацый (фатаграфія, графіка, жывапіс і інш.).

Заахвочваецца наяўнасць прэзентацыйных матэрыялаў дзейнасці прэс-цэнтра ўстановы адукацыі. У якасці дадатку разам з газетай (часопісам) неабходна падрыхтаваць рэкламны тэкст для “распаўсюджвальнікаў-паштальёнаў”, якія будуць дзейнічаць у час свята. Неабходна, каб газета або часопіс былі каляровымі (з выкарыстаннем двух і болей колераў) і абавязкова на беларускай мове. Работы павінны мець інфармацыйную даведку і быць правераны настаўнікам-філолагам (работы з памылкамі да ўдзелу ў фестывалі не дапускаюцца). Выпускі газет (часопісаў) не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.

Мерапрыемства праводзіцца з 1 красавіка па 5 верасня 2010 года ў чатыры этапы: з 1 па 30 красавіка – ва ўстановах адукацыі; з 3 па 24 мая – на ўзроўні раёна; з 25 мая па 30 чэрвеня – на ўзроўні вобласці; 4 – 5 верасня – у г. Хойнікі.

Акрамя таго, у час свята беларускага пісьменства ў Хойнікі неабходна накіраваць “паштальёна” (вучня ўстановы адукацыі) ад кожнага раёна, апранутага адпаведным чынам, для распаўсюджвання газет (часопісаў) – не менш як 20 экземпляраў (прэса можа быць прадстаўлена як адным, так і некалькімі выданнямі ад раёна) і юнага карэспандэнта для збору матэрыялу пра Дзень беларускага пісьменства.

Узоры газет (часопісаў) у адным экземпляры, дадатак (рэкламны тэкст для “распаўсюджвальнікаў-паштальёнаў”), прэзентацыйныя матэрыялы дзейнасці прэс-цэнтра (аб’яднання вучняў) установы адукацыі (калі ёсць) накіроўваюцца ў друкаваным выглядзе і на электронным носьбіце ў Гомельскі дзяржаўны абласны цэнтр турызму і краязнаўства вучнёўскай моладзі.

Лепшыя газеты і часопісы будуць размешчаны на выстаўцы ў Славянскай бібліятэцы г. Гомеля, найбольш цікавыя матэрыялы –  змешчаны на старонках абласных выданняў.

За падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся ў аддзел адукацыі райвыканкома па тэл. 3-45-03.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *