У штодзённым коле дакументаабароту


Чарада свят пад гукі марша Мендэльсона… На першы погляд здаецца, што менавіта з гэтага галоўным чынам састаіць рабочы дзень у ЗАГСе. На самай жа справе значна больш часу затрачваецца  на тое, каб знайсці звесткі аб чыім-небудзь нараджэнні або ўстанавіць, дзе і хто жаніўся-разводзіўся. Усё залежыць ад таго, якую даведку патрэбна выдаць. Дэбюракратызацыя закранула і аддзелы запісаў актаў грамадзянскага стану. Сёння, збіраючыся сюды на прыём, можна смела браць з сабою толькі пашпарт. Пішаце заяву, а далей уступае ў дзеянне механізм “аднаго акна”. Гэта вельмі зручна для сельскіх жыхароў, улічваючы, што шлях ад іншай вёскі да райцэнтра няблізкі, а з транспартам бывае тугавата.

– Добра, калі чалавек нарадзіўся на Хойнікшчыне, а потым і ажаніўся тут, і дзяцей рэгістраваў, – гаворыць начальнік аддзела ЗАГС райвыканкома Алена Міхайлаўна Дземідзенка. – Тады адшукаць у нашым архіве патрэбныя звесткі не складзе асаблівай цяжкасці. Іншая справа, калі запісы актаў раскіданы па розных ЗАГСах. Накіроўваць запыты даводзіцца не толькі па Беларусі, але і ў Расію, Казахстан, Малдову… І, канешне ж, апрацоўваць атрыманыя адказы. Прычым не толькі ад калег. Цяпер запыты дасылаюць з натарыяту, судоў, органаў апекі і папячыцельства, міліцыі, пракуратуры. Бюракратычная машына закруцілася хутчэй, міжведамасны дакументаабарот павялічыўся. Людзі прыходзяць і, бывае, не могуць успомніць, у якім годзе афармлялі развод, блытаюцца ў прозвішчах і датах. Даведкі выдаваць – адказнасць велізарная. Усё ж такі гэта дакумент, па якому і сацыяльную адрасную дапамогу выдаюць, і пенсію назначаюць, і ў чаргу на льготнае жыллё ставяць.

У ЗАГС звяртаюцца наведвальнікі і за тым, каб памяняць прозвішча, імя, імя па бацьку. Пройдзе час, пакуль Улад стане Уладзіславам. Унясенне якіх-небудзь дапаўненняў, выпраўленняў, змяненняў у запісу акта –  працэдура скурпулёзная, не церпячая спешкі. Таму шчаслівых бацькоў А.М. Дземідзенка абавязкова папярэджвае, наколькі неаглядна называць дзіця ў гонар героя любімага бразільскага серыяла. Мода зменлівая, а праблем потым не абярэшся.



У даваенныя, першыя пасляваенныя гады да складання актавых запісаў адносіліся не так педантычна. Замест поўнага імя, напрыклад, запісвалі так, як прывыклі гаварыць у народзе, у вёсцы. Пачынаюць дзеці афармляць спадчыну, а ў пасведчанні аб нараджэнні маці значыцца не Варварай, а Варкай! Памылкі тады праскоквалі вельмі часта, а вось прыводзіць дакументы ў парадак даводзіцца ўжо сёння.



– У іншых выпадках трэба падымаць актавыя запісы больш чым паўвекавой даўнасці, – працягвае Алена Міхайлаўна. – З-за адной літары калі-нікалі дабіраешся да дзедаў і прадзедаў. Проста для выпраўленняў патрэбны дастаткова важкія падставы. А не хапае звестак – пішацца адмова, якую чалавеку, як правіла, удаецца  абскарджваць у судзе. У выніку паперы, зрабіўшы круг, вяртаюцца назад, і злачасная “а” нарэшце ператвараецца ў “о”.

Між тым, на архіўных паліцах  ЗАГСа нямала “прабелаў”. Многія дакументы былі знішчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі па тэрыторыі раёна праходзіла лінія фронту. І хаця нешта ўдалося аднавіць, уласных архіўных матэрыялаў для эфектыўнай работы “аднаго акна” яўна недастаткова. Працаваць лягчэй стала цяпер у тэхнічным плане:  яшчэ два гады назад начальнік аддзела ЗАГС ад рукі запаўняла ўсе выдаваемыя даведкі. Цяпер у гэтым дапамагае камп’ютэрная праграма.


Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *