Гадзіннік для зручнасці на доме, памідоры ў дзесяцілітровым балоне

Вёсачка мая

IMG_2265Восень напоўнена зачараваннем – павольнымі прагулкамі, буйнымі аранжавымі кветкамі, адкрытымі гутаркамі пра ўсё на свеце, смачнай кавай і сінім небам – такім бяздонным, што ў ім хочацца патануць…

IMG_2212Па дарозе ў чарговую вандроўку мне ўспомніўся раман Д. Харыса «Пяць чацвярцінак апельсіна», у якім аўтар пісаў: «Кастрычнік – імклівы, такі сакавіты, такі духмяны ў сваім залаціста-белым ззянні, з раннімі белымі замаразкамі, з яркім ператварэннем лісця – гэта зусім іншая, чароўная пара, апошні дзёрзкі радасны ўсплёск перад тварам надыходзячай сцюжы». І сапраўды гэта так.
Мы накіроўваемся ў вёсачку Загалле, якая знаходзіцца на трасе Хойнікі-Мазыр. Абапал аўтадарогі стаяць некалькі дамоў, злева далучаецца яшчэ адна кароткая вуліца. У вёсцы засталося 28 жыхароў, а некалі было пад дзве сотні.

IMG_2210Калі ўзгадваць гісторыю вёскі, то варта адзначыць, што ў канцы XVIII стагоддзя тут арганізавалі руднік па выплаўленні жалеза для мясцовых патрэб. У 1824 годзе на месцы старога рэчышча ракі пабудавалі новы драўляны будынак царквы. Паводле перапісу 1897 года ў Загаллі дзейнічалі хлебазапасная крама, народнае вучылішча.

IMG_2208У 1930 годзе быў арганізаваны калгас. З 1927 па 1954 год вёска з’яўлялася цэнтрам Загальскага сельсавета Хойніцкага раёна. Палову жыхароў складалі польскія сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны восенню 1943 года партызаны разграмілі гарнізон, створаны акупантамі ў вёсцы. 25 жыхароў загінулі на фронце.
Да адносна нядаўняга часу размяшчалася тут і аддзяленне сувязі, зараз жа ездзіць пошта «на колах». Прыязджае і аўталаўка. Як зазначаюць мясцовыя жыхары, былі б грошы, а набыць можна ўсё.

IMG_2221Вандруючы па вёсцы, нам пашчасціла пазнаёміцца з сямейнай парай Баглей – Тамарай Антонаўнай і Васіліем Рыгоравічам. Разам гэтыя прыемныя людзі жывуць больш за трыццаць пяць гадоў, выхавалі пяцярых дзяцей. Муж родам з вёскі Нарыманаў, жонка – з Загальскай Слабодкі. Ажаніліся, набылі дом у Загаллі, пераехалі, з тых пор лічаць гэтую вёску роднай. Працавалі ў калгасе: Тамара Антонаўна жывёлаводам, а Васілій Рыгоравіч трактарыстам. Цяпер жа ўсе іх клопаты ў хатняй гаспадарцы, на агародзе.

IMG_2220Пакуль размаўляла з гаспадарамі, заўважыла, што на доме вісіць гадзіннік. Са здзіўленнем пытаюся, чаму ён тут, бо, прызнацца, бачу такое ўпершыню. Васілій Рыгоравіч патлумачыў, што гэта для зручнасці: робіш нешта на двары, захацеў даведацца, колькі часу, дык не трэба для гэтага бегчы ў хату. А наогул ён вельмі любіць рамантаваць старыя гадзіннікі, у яго іх шмат розных.

IMG_2249Наступнай нашай суразмоўцай стала Марыя Васільеўна Смычкоўская. Прыемная жанчына жыве разам з сынам. Іх у яе двое, другі – у Гродна. Марыя Васільеўна запрасіла ў хату. Памідоры на печы, мёд у слоіках, белыя семкі, рог вісіць на сцяне… раённая газета на стале. «Канешне, я заўсёды выпісваю і чытаю», – заўважыўшы, на чым спыніўся мой позірк, гаворыць гаспадыня. Чуць гэта было вельмі прыемна.

IMG_2243Прыселі, пагутарылі крыху. Марыя Васільеўна расказала, як пазнаёмілася з мужам Эдуардам, якога, на жаль, ужо няма, як працавала ў школе ў Паташні тэхработніцай, якое раней было прыгожае Загалле. Хаця і зараз вёска выглядае дагледжанай, у першую чаргу за кошт аднолькавай яркай агароджы на цэнтральнай вуліцы.

IMG_2240Ну і пішучы пра гэту вёску, проста нельга не ўзгадаць пра Загальскую бітву, якая адбылася 17 чэрвеня 1649 г. паміж падраздзяленнямі войска ВКЛ і казацка-сялянскім атрадам пад кіраўніцтвам Іллі Галоты ў час антыфеадальнай вайны. 366 год прайшло з таго часу, а вёска жыве і сёння. Хочацца верыць, што будзе жыць і далей.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *