Газетны скарб нашай калегі

Тэрыторыя моладзі Увлечения хойничан

1Было б выдатна, калі б вы, нашы паважаныя чытачы, падказвалі нам імёны ўладальнікаў цікавых калекцый. І не важна, што чалавек збірае – грошы, паштоўкі, музычныя дыскі ці яшчэ нешта, галоўнае, каб яго гэта захапляла.

Вось, напрыклад, наша калега Наталля Чэкан калекцыяніруе газеты. Кожны раз, калі сябры выязджаюць за межы горада, яна просіць прывезці прэсу з новых месцаў. Ды і сама, бываючы ў розных гарадах, абавязкова набывае перыядычныя выданні. Калі вучылася ў Мінску, купляла сталічную прэсу, вандруючы па абласных цэнтрах, заўсёды вярталася з мясцовымі газетамі. Многія раёнкі Гомельскай і іншых абласцей выпісваюцца на рэдакцыю і Наталля пакідае сабе кожнай па аднаму экземпляру. Да таго ж, у яе ёсць нумары ўсіх раёнак Магілёўшчыны. Здабыць іх ёй пашанцавала на Дні беларускага пісьменства ў Быхаве.

Некалькі газет ёсць з Расіі, іх у асноўным прывозілі знаёмыя з адпачынку. Вялікую каштоўнасць для нашай журналісткі ўяўляе таблоід з Нідэрландаў. Яго падарыла сяброўка на Новы год. І самае цікавае, што даслала газету, па просьбе той самай сяброўкі, абсалютна незнаёмая жанчына. Ёсць у калекцыі Наталлі і нямецкія газеты, якія таксама дасталіся ў падарунак. Адна з іх наогул унікальная – за 1998 год – у ёй расказваецца аб турнэ па Германіі хойніцкіх футбалістаў. Нядаўна капілку папоўнілі яшчэ выданні з Італіі і Украіны.

Цікавая гісторыя атрымалася з газетамі з Бельгіі. У 2013 годзе наш раён наведвалі кіраўнікі дыпламатычных місій краін Еўрасаюза і розных міжнародных арганізацый. У ходзе гутаркі з нашым карэспандэнтам прадстаўнік з Бельгіі даведаўся пра яе калекцыю і, занатаваўшы адрас, паабяцаў даслаць ёй газеты са сваёй радзімы. І стрымаў слова. У хуткасці Наталля знайшла ў сваёй паштовай скрыні адразу чатыры бельгійскія газеты.

Наогул, у яе самыя розныя выданні: штодзённыя і штомесячныя, чорна-белыя і каляровыя, афіцыйныя і неафіцыйныя. Ёсць таксама студэнцкія газеты «Універсітэт», «Журфакты» БДУ, «Советский студент» Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Для Наталлі гэта калекцыяніраванне карысна і з прафесійнага пункту гледжання. Адтуль яна чэрпае ідэі, цікавіцца вёрсткай, тэмамі. Многа розных газет яна ўжо пабачыла, у кожнай ёсць свае адметнасці, кожная па-свойму цікавая, але Наташа зазначае, што самая лепшая – ўсё роўна «Хойніцкія навіны». Бо свая, родная.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *