Вялікая вернасць малой радзіме


Гэта было каханне з першага погляду. Інакш як расцаніць тое, што маладыя людзі, пазнаёміўшыся на танцах у сельскім клубе, праз тры дні згулялі прыход сватоў, затым праз месяц – вяселле. І вось ужо амаль 28 гадоў разам крочаць па жыцці муж і жонка Уладзімір Мікалаевіч і Алена Рыгораўна Курганкіны.

Па іншаму збегу абставін той лёсавызначальнай сустрэчы магло не адбыцца, хаця родавыя карані абодвух у суседніх вёсках.

Алена пасля заканчэння Стралічаўскай школы  паступіла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, атрымала спецыяльнасць майстра-вырабляльніка мясных паўфабрыкатаў і была размеркавана на працу на Бярозаўскі мяса-кансервавы завод, што ў Брэсцкай вобласці.

– У час вучобы ў сталіцы заўважыла, – успамінае Алена Рыгораўна, – што некаторыя мае сакурснікі, вырваўшыся з глыбінкі на прастор вялікага жыцця, усімі даступнымі сродкамі стараліся замацавацца тут. Я ж душой імкнулася дамоў, у бацькоўскі дом, да сваіх градак і кветнікаў. Таму, адпрацаваўшы вызначаны тэрмін пасля вучобы, вярнулася дамоў, тым больш, што захварэла маці, якой быў патрэбны догляд. Прыехаўшы ў родную вёску, уладкавалася на працу ў магазін.

Маці У.М. Курганкіна, ураджэнка вёскі Іванаўка, у 1947 годзе завербавалася на будоўлю горада Баку. Там пазнаёмілася з бацькам, таксама будаўніком. Потым сям’я пераехала ў Казахстан, дзе Уладзімір Мікалаевіч і нарадзіўся. У 1982 годзе прыехаў на радзіму бацькоў у водпуск, тады ж адбылася яго сустрэча са сваёй суджанай.

Паўгода маладыя пражылі ў сям’і бацькоў жонкі, а потым пераехалі ў Казахстан. Там Алена працавала на швейнай фабрыцы, а Уладзімір – зваршчыкам. Атрымалі кватэру, нарадзіліся сын і дачку. Але калі пачаўся міжнацыянальны разлад, вырашылі вярнуцца на малую радзіму.

Эксбаза “Стралічава” выдзеліла ім палавіну двухпавярховага дома на вуліцы Новабудаўнічай, дзе цяпер адразу ўгадваюцца залатыя рукі гаспадара і адметны густ гаспадыні: яе стараннямі падворак летам патанае ў моры кветак.

Уладзімір Мікалаевіч працаўладкаваўся зваршчыкам, Алена Рыгораўна – бібліятэкарам, для чаго завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

Увогуле, у сям’і Курганкіных па-добраму суседнічаюць прадстаўнікі рабочых прафесій і інтэлігенцыі. Так, сын Уладзімір працуе рабочым у Хойніцкім лесапункце ЗАТ “Мазырлес”, яго жонка Сняжана завочна авалодвае спецыяльнасцю біёлага ў Мазырскім дзяржаўным універсітэце імя І.П. Шамякіна. Тры месяцы назад яны падарылі бацькам унука Захара. Дачка Ірына таксама студэнтка гэтай ВНУ, нядаўна выйшла замуж, яе муж Аляксандр па прафесіі будаўнік, жывуць у Мазыры.

– Дзеці ў нас працавітыя, ветлівыя, – у адзін голас гавораць Алена Рыгораўна і Уладзімір Мікалаевіч, – ці ж гэта не шчасце?

Яны ўпэўнены, што ніколі не прамяняюць свой чысценькі вясёлы домік і прыгажэйшы прысядзібны ўчастак ні на якія гарадскія даброты. Не хочуць, каб сум па малой радзіме спальваў сэрца, як герою шлягера 80-х: “… Сам себя считаю городским теперь я, здесь моя работа, здесь мои друзья. Но всё так же ночью снится мне деревня, отпустить меня не хочет родина моя…”

– У вёсцы ўсё па-іншаму, – працягвае Алена Рыгораўна, – тут людзі заўсёды ў курсе, што адбываецца ў суседа. Тут агульныя радасці і агульны смутак. Сумесна перажываем гора – усё прасцей і душэўней. А ў святы, калі збіраемся нашай дружнай сям’ёй і жадаем адзін аднаму дабра і здароўя, здаецца, што нават зямля па-асабліваму дыхае.

Вернасць сваёй зямлі – гэта, напэўна, адна з галоўнейшых якасцей ураджэнцаў вёсак, маленькіх гарадоў, упэўнены Курганкіны. І прызнаюцца: сярод іх уладальнікаў гэтай якасці – большасць.


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *