Прафарыентацыя Сто дарог, адна — твая


Існуе прытча. Госпада Бога папрасілі назваць найвялікшага палкаводца ўсіх часоў і народаў. Ен указаў на беднага шаўца, які карпеў над парай стаптаных башмакоў, у каго, аказваецца,  загінуў, так і не развіўшыся, вялікі талент. І як добра, калі ў жыцці кожнага адбудзецца сустрэча з чалавекам, які дапаможа адкрыць у табе Божы дар і сапраўднае прадвызначэнне, знайсці верную дарогу для паспяховага руху ў жыцці.

І, як сведчаць шматлікія прыклады, чалавек дабіваецца прызнання, значных працоўных поспехаў там, дзе нарадзіўся, на роднай зямлі. Гэтая думка гучала лейтматывам на пасяджэнні клуба цікавых сустрэч “Асоба”, які дзейнічае пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. На сустрэчу з выпускнікамі гарадской СШ № 3 сюды прыходзілі начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкома С.С. Седач, галоўны спецыяліст па кадрах райсельгасхарчу Т.У. Кузьменка і вядучы спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва А.У. Іўкова.

Задаўшы тон размове, Сяргей Сяргеевіч адзначыў, што кожны малады чалавек павінен адказна падысці да выбару будучай прафесіі, якая павінна прыносіць не толькі матэрыяльныя выгоды, але і маральнае задавальненне. Усё гэта магчыма ў нашым раёне, дзе для выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прадастаўляюцца ўсе ўмовы. Што самае галоўнае, гарантавана не толькі працаўладкаванне, але і прадастаўляецца жыллё, адным словам, можна максімальна самарэалізавацца ў выбранай спецыяльнасці.

На тэрыторыі нашага раёна ўзводзяцца аграгарадкі, сельская гаспадарка пачынае камп’ютэрызавацца – шырокае поле дзейнасці для маладых спецыялістаў. Як адзначыла Т.У. Кузьменка, для выпускнікоў агульнаадукацыйных школ раёна райсельгасхарчам штогод выдаюцца мэтавыя накіраванні для паступлення ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы аграрнага профілю. Сярод іх Віцебская ветэрынарная і Горацкая сельскагаспадарчая акадэміі, Беларускі універсітэт механізацыі сельскай гаспадаркі, Гомельскі, Краснабярэжскі, Калінкавіцкі, Рэчыцкі аграрныя каледжы, дзе на высокім узроўні праходзіць навучанне спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

А.У. Іўкова расказала аб сітуацыі, якая зараз існуе на рынку працы раёна, паведаміла, якія прафесіі карыстаюцца попытам.

Правільны выбар прафесійнага будучага з’яўляецца адным з галоўных рашэнняў у жыцці. Вельмі важна да таго ж, каб ён адпавядаў і грамадскаму запыту.

Вучні з вялікай зацікаўленасцю слухалі прысутных, задавалі пытанні.


В. ГУШЧА, загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *