Добрая традыцыя


У аўторак для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і вучняў малодшых класаў СШ № 3 г. Хойнікі работнікамі аддзела культуры і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва было арганізавана святочнае мерапрыемства, прысвечанае Вялікдню.

У ГЦКіС “Меліяратар” яны паглядзелі тэатралізаванае прадстаўленне, з якога даведаліся аб традыцыях святкавання Вялікдня. У пастаноўцы разам з артыстамі народнага тэатра творчыя здольнасці паказалі і ўдзельнікі дзіцячага творчага аб’яднання “Чараўнікі” пры дзіцячай раённай бібліятэцы Ганна Дашук, Тамара Навіцкая, Ірына Свірыдзецкая, Алеся Мыслік і Аляксандр Харошка. З канцэртнай праграмай выступілі ўдзельнікі ансамбля “Светлячок”  ГЦКіС “Меліяратар” Вераніка Махнавец, Аляксей Ходас і браты Алег і Сяргей Мядзведзевы. Юныя артысты атрымалі заслужаныя апладысменты, а гледачы – задавальненне ад убачанага.

У Свята-Пакроўскай царкве з рабятамі гутарыў Благачынны Хойніцкай акругі, протаіерэй Уладзімір Козак. Дзеці запалілі свечкі і загадалі свае самыя запаведныя жаданні. Бо, як кажуць, усё, што загадваецца ад Вялікдня да Радаўніцы, абавязкова спраўдзяцца. Айцец Уладзімір пачаставаў дзяцей велікоднымі яйкамі і цукеркамі.

Велікодныя мерапрыемствы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ўжо сталі добрай традыцыяй і праводзяцца ў нашым раёне трынаццаты год запар. Зарад цеплыні, святла, духоўнасці і веры, набыты на іх, дорыць дзецям непаўторныя пачуцці, якія нічым нельга замяніць.


Ірына Новікава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *