Ці стане чысціня візіткай Малішава?


Вялікія намаганні КЖУП “Хойніцкі камунальнік” былі накіраваны на тое, каб навесці парадак у населеным пункце Малішаў, які, як вядома, уваходзіць зараз у рысу Хойнік. У мінулым годзе ачышчана значная тэрыторыя цэнтральных вуліц, вырублены хмызняк каля пустуючых дамоў, падворкі ачышчаны ад смецця, бытавых адходаў. Аднак, як паказала рэйдавая праверка санітарнага стану Малішава 5 красавіка, гэтыя намаганні аказаліся дарэмнымі, бо ўстаноўлены шматлікія парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства.


Так, у канцы населенага пункта па дарозе на Паселічы створана несанкцыяніраваная смеццязвалка  на плошчы ў 0,2 гектара ў колькасці 5 кубічных метраў. Выкінутыя папера, пластыкавыя бутэлькі ветрам пераносяцца на іншыя тэрыторыі, забруджваючы большыя адлегласці. Чалавечы фактар у гэтым сэнсе з’яўляецца рашаючым: без усялякага расследавання відавочна, што смеццязвалку стварылі самі жыхары Малішава, ніхто з Гомеля або Мінска смецце сюды не прывёз. У той жа час жыхары ўпарта не жадаюць заключаць дагаворы з “Хойніцкім камунальнікам” на вываз бытавых адходаў.

Непарадак выяўлены і каля некаторых прыватных домаўладанняў, у прыватнасці гэтым грашылі жыхары дамоў №№ 103, 129, 131 і інш. (на здымках унізе). Але, варта адзначыць, пасля папярэджвання аб адказнасці пачалі наводзіць парадак – гэта было выяўлена ў ходзе паўторнай праверкі назаўтра.

Вышэйуказаныя факты з’яўляюцца парушэннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі”, што прадугледжвае, акрамя папярэджвання, штрафныя санкцыі – ад 5 да 50 базавых велічынь на фізічную асобу, да 200 – на індывідуальных прадпрымальнікаў і да 1000 базавых велічынь – на юрыдычную асобу. Варта задумацца, перш чым здзяйсняць такія супрацьпраўныя дзеянні.


І. ДУБІНКА,
начальнік раённнай інспекцыі па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя;
Л. ВАРАБ’ЕВА,
начальнік участка па саначыстцы КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.
Фота Віктара НАЗАРАНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *