Вопыт, варты пераймання


У лепшы бок змяніўся ў апошні час выгляд  пад’езда дома  № 2ж па вуліцы Калесніка райцэнтра. Цюлевыя гардзіны на вокнах і вазоны з кветкамі на падаконніках – усё гэта стварае ўражанне ўтульнасці і дамашняга цяпла. Хаця яшчэ зусім нядаўна тут было далёка да сённяшняй акуратнасці.

Усё змянілася, калі за справу ўзяліся актывісты органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Марыя Фёдараўна Калыхан і Ірына Іванаўна Бордак, якія таксама жывуць па гэтаму адрасу. Па іх ініцыятыве жыхары дома сабраліся на сход, на якім вырашылі ўласнымі сіламі і за ўласныя сродкі правесці касметычны рамонт пад’езда, пасля чаго людзі самі падфарбавалі і пабялілі сцены, зрабілі генеральную ўборку.

На тым жа сходзе ўстанавілі і пакватэрны графік дзяжурстваў жыхароў дома па падтрыманню чысціні і парадку. Гэтыя своеасаблівыя “вахты чысціні” працягваюцца адзін тыдзень, дзяжурныя па паверхах займаюцца ўборкай лесвіц і пляцовак, паліваюць вазоны і кветкі, а пры здачы дзяжурства абавязкова праводзяць вільготную ўборку. Гэта не патрабуе вялікіх затрат часу і сіл. А ў выніку ў пад’езд сёння прыемна зайсці і самім жыхарам, і іх гасцям.

Нядаўна жыхары дома звярнуліся да работнікаў жылкамунгаса з просьбай зварыць рашотку для таго, каб перакрыць дзецям доступ на дах дома. Гэтую просьбу камунальнікі паабяцалі абавязкова выканаць.

– Калі бачым, што людзі настроены на тое, каб самастойна падтрымліваць чысціню і парадак, то і мы, работнікі камунальнай сферы, з большым энтузіязмам ідзем ім насустрач, – гаворыць галоўны інжынер КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С.У. Несцярэнка, дарэчы, таксама жыхар дома № 2ж і актыўны ўдзельнік работ па навядзенню ў ім парадку.

Яшчэ не можа не радаваць той факт, што такіх узорных дамоў у нашым горадзе становіцца ўсё болей і болей.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *