Тутэйшыя: дзе братэрскія народы жывуць у згодзе — тут шануюць землякоў

Тутэйшыя

Цяпер і не ўзгадаю, адкуль у маёй памяці засталася інфармацыя пра аграгарадок Стралічава як самы шматнацыянальны населены пункт Хойнікшчыны.

Вырашыла запытаць ва ўпаўнаважанай і адной з тутэйшых у Стралічаве – Наталлі Кавалёвай. Высветлілася, сапраўды тут у згодзе пражываюць прадстаўнікі як мінімум 8 нацыянальнасцяў. Лічыце самі: зразумела, з Беларусі, а таксама Расіі, Таджыкістана, Украіны, Узбекістана, Казахстана, Польшчы, Татарстана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і нават унукі абрусеўшых немцаў.

У загадчыцы Цэнтра вольнага часу аграгарадка Наталлі Аляксандраўны ёсць рускія карані: дзядуля Міхаіл Паўлавіч Закалодны – ураджэнец Варонежа. Трапіў на Хойнікшчыну ў час Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у вызваленні раёна і так тут застаўся, ажаніўшыся з тутэйшай прыгажуняй Соф’яй Васільеўнай, што была з Іванаўкі.

Калі ўжо размова пайшла пра Міхаіла, цікавы факт: прастольнае свята ў Стралічаве – менавіта Міхайлаў дзень (21 лістапада). Яшчэ ў ХІХ стагоддзі мясцовая праваслаўная царква насіла імя гэтага святога. Мае суразмоўцы з гэтага аграгарадка пры ўзгадванні тэмы нават павесялелі. І нядзіўна: на Міхайла свята шырэй і смачней, чым на Новы год. Не верыце? А вось прыязджайце на познюю восень сюды – вас тут жа за стол запросяць. І калі 31 снежня святкуюць пераважна маленькім колам, дык у лістападзе адзначаюць з родзічамі і сябрамі. Вялікі стол!

– На дэсерт у дзень Міхаіла нашы мясцовыя прысмакі. Дарэчы, тыя самыя торцікі «Мішкі» і «Грыбкі», што сёння выпякаюць пад брэндам «Хойніцкія», на самой справе тутэйшыя – стралічаўскія, – расказвае Таццяна Вахіль, культарганізатар.

Здзівілі, нічога не скажаш. А яшчэ Стралічава ганарыцца адным з самых славутых сваіх землякоў. Тут нарадзіўся вядомы лінгвіст, знаўца Усхода і першы дыпламатычны прадстаўнік Расійскай Імперыі ў Японіі Іосіф Гашкевіч. У 2019 годзе на будынку Цэнтра вольнага часу адкрылі мемарыяльную пліту ў яго гонар. Дарэчы, дзень нараджэння Іосіфа Антонавіча зусім хутка – у сярэдзіне красавіка.

Тут можна не прыкладаць дадатковых намаганняў, каб сустрэць, напрыклад, ураджэнца Расіі. Вось мая новая знаёмая – Людміла Стольнікава. І хаця Мікалаеўна – беларуска, затое муж – Сяргей Сяргеевіч – з Тамбова. Доўгі час працуе механізатарам на Хойнікшчыне.

Аграгарадок – адзін з самых буйных. Тут жыве 746 чалавек, з якіх амаль 200 дзяцей. Нямала шматдзетных сем’яў – 25. Пазнаёміліся з адной матуляй, якая выхавала 4 сыноў і дачок – Вольгай Ефімавай-Серко. Вольга Уладзіміраўна нарадзілася і вырасла ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ. Але вайна прымусіла ратавацца. Спачатку яе бацькі, а пазней і сама жанчына з маленькай дачкой супыніліся ў Стралічава. Разам з мужам Сяргеем выхавалі чатырох дзетак, а дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў 2013 шматдзетная сям’я пабудавала свой дом, дзе і жыве па сёння. Сама Вольга Уладзіміраўна з гонарам сцвярджае: «Беларусь дала мне вельмі многае: мірнае жыццё, магчымасць працаваць і стварыць сям’ю. Што яшчэ жадаць!?».

За адну кароткую паездку давялося пазнаёміцца з мноствам цікавых і надзвычай ветлівых жыхароў. Адна з такіх – загадчык Стралічаўскага аддзялення паштовай сувязі Марына Казмярчук. Марына Аляксееўна нарадзілася ў расійскай Чыце, а вырасла ў Краснаярскім краі. Там і пабачыў яе будучы муж, з якім жанчына прыехала на яго малую радзіму. Сёння з усмешкай кажа: закахалася ў мужчыну, а пазней палюбіла і край, дзе ён нарадзіўся. Так з гэтай любоўю да мясцовых краявідаў і жыве. Трапіўшы на Хойнікшчыну, яна адразу пайшла працаваць: спачатку ў вінным цаху мясцовага спіртзавода, потым у сталовай, а з 2001 года на пошце.

Вялікі дзякуй, землякі, за знаёмства. Трэба наведацца сюды зноў. Скажам, у лістападзе…

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Тутэйшыя: дзе братэрскія народы жывуць у згодзе — тут шануюць землякоў

  1. Хорошая статья . Спасибо . Понравилось. Но мало . Напишите и дальше о наших земляках . Пожалуйста. И больше фото . Это очень интересно.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *