Выступілі з прапановамі


Прайшло пасяджэнне савета дырэктараў, якое вёў яго старшыня, дырэктар КПУП “Паліграф” В.У. Мігай. На парадак дня было вынесена пытанне падрыхтоўкі і правядзення ў раёне Дня беларускага пісьменства і ролі ў гэтым савета.

Адзначана, што неабходна правесці вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванню горада. Значны ўклад у гэта павінны ўнесці працоўныя калектывы горада, бо выдзеленых фінансавых сродкаў недастаткова, каб усё намечанае выканаць падрадным арганізацыям.

Пры абмеркаванні пытання аб фінансаванні выдання трох кніг, прысвечаных Хойнікшчыне, была выказана прапанова часткова расходы ўзяць на сябе прадпрыемствам і прафсаюзным арганізацыям шляхам папярэдняй аплаты, заказаўшы пэўную колькасць экземпляраў. Бо інтарэс да гэтых кніг, безумоўна ж, ёсць амаль у кожнага жыхара раёна.

Выказана шэраг прапаноў па арганізацыі і правядзенню масавых суботнікаў, каб праца людзей на іх была больш арганізаванай і выніковай. Ды і заробленыя сродкі неабходна пералічваць своечасова. Як паказала практыка, некаторыя кіраўнікі, прадастаўляюць справаздачу аб заробленым, а на самай справе месяцамі грошы не паступаюць на ўказаны рахунак.  Раённаму спажывецкаму таварыству рэкамендавана ў дастатковай колькасці завезці ў гандлёвыя кропкі фасаднай фарбы, крэйды, вапны і іншых будматэрыялаў. А сектару занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома – разгледзець пытанне аб прыцягненні да выканання неабходных работ людзей, якія стаяць на ўліку па беспрацоўю шляхам стварэння спецыялізаваных брыгад, бо не ўсе прадпрыемствы маюць магчымасць у рабочыя дні прыцягваць членаў працоўнага калектыву на добраўпарадкаванне, але могуць аплаціць выкананне такіх работ.

У рабоце савета дырэктараў удзел прынялі намеснікі старшыні раённага выканаўчага камітэта А.У. Машэўскі, А.М. Іўкова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ж.М. Чарняўская і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома Ж.Я. Бажок.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *