Правялі на заслужаны адпачынак


У мінулы аўторак у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкома адбыўся ўрачысты сход, на якім супрацоўнікі аддзела праводзілі на заслужаны адпачынак свайго начальніка Г.І. Гапоненку. Адразу пасля службы ў радах Савецкай Арміі ў 1985 годзе змяніў ён армейскую форму на міліцэйскую і з таго часу прайшоў ад сяржанта да палкоўніка, апошнія дзевяць год узначальваў калектыў аддзела.

Аб высокіх маральных, арганізатарскіх, прафесійных якасцях Генадзія Іосіфавіча, яго асабістым укладзе ў захаванне законнасці і правапарадку ў раёне гаварылі старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкома, палкоўнік А.А. Кобрусеў, пракурор раёна В.І. Весялоўскі, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск Г.Ф. Курловіч, начальнік міжраённай базы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння УУС Гомельскага аблвыканкома М.Р. Аксанчук, учарашнія падначаленыя начальніка аддзела.

Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкома, пенсійнае пасведчанне і пасведчанне ветэрана, каштоўны падарунак і многа жывых кветак атрымаў у той дзень  Генадзій Іосіфавіч.

Сход насіў назву ўрачыстага, але адчуваліся ва ўсіх выступленнях лёгкі смутак і шкадаванне. Хоць і гавораць, што незаменных людзей не бывае, тут той выпадак, калі чалавек быў на сваім месцы.


Фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *