Сустрэча з выбаршчыкамі


У мінулы аўторак раён наведаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкома, кандыдат у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў па Хойніцкай выбарчай акрузе № 59  В.В. Барысенка.

У нашай краіне прыкладваюцца ўсе намаганні, каб прымножыць эканамічны патэнцыял, падняць на новы ўзровень вытворчасць, знайсці надзейныя рынкі збыту прадукцыі. З мэтай вывучэння сітуацыі, аказання садзеяння, дапамогі па гэтых напрамках В.В. Барысенка пабываў на спіртзаводзе эксбазы “Стралічава”.

У райвыканкоме ў час размовы з яго работнікамі Валянцін Васільевіч зрабіў упор на забеспячэнне няўхільнага выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Будзе забяспечвацца іх рост – будзе павышацца ўзровень жыцця людзей. Якімі б складанымі ні былі наступствы эканамічнага крызісу, у цэнтры ўвагі павінен заставацца чалавек з яго канкрэтнымі патрэбнасцямі і праблемамі.

Наконт важнай палітычнай падзеі – выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў В.В. Барысенка адзначыў, што яны павінны прайсці на высокім арганізацыйным узроўні, а гэтаму безумоўна пасадзейнічаюць выстаўкі-продажы, культурныя праграмы. Усё лепшае неабходна прапанаваць выбаршчыкам, наколькі хопіць фантазіі і магчымасцей.

На сустрэчы з працоўным калектывам раённай бальніцы В.В. Барысенка расказаў, чаго ўдалося дасягнуць у плане сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. Былі складанасці па кітах эканомікі – на нафтаперапрацоўчым,  металургічным, хімічным заводах, але ўсе вузлы развязаны, прадпрыемствы ўпэўнена працуюць. Пры ацэнцы развіцця нашага раёна адзначана, што ўдалося захаваць станоўчую дынаміку развіцця. Зараз стаіць адна з важнейшых  задач – пабудаваць міні-ТЭЦ у Хойніках на мясцовых відах паліва, што паспрыяе падзешаўленню кошту адной гігаколорыі цяпла, а гэта ў сваю чаргу знізіць нагрузку на мясцовы бюджэт. Разам з тым неабходна завяршыць рэканструкцыю торфабрыкетнага завода, у межах якой прадугледжана павелічэнне колькасці працуючых да 150 чалавек. Калі будзе забяспечана стабільная работа прамысловых прадпрыемстваў, тады будзе рост зарплаты, у тым ліку медработнікаў, фінансіруемых з бюджэту.      

 З пачуццём гонару Валянцін Васільевіч Барысенка заклікаў людзей прыйсці на выбарчыя ўчасткі, падкрэсліўшы пры гэтым: “За каго аддаць голас – гэта ваша права”. Як кандыдат у дэпутаты па Хойніцкай выбарчай акрузе № 59, Валянцін Васільевіч адзначыў, што Хойнікшына для яго родная, бо карані яго тут. У вёсцы Мокіш жылі і працавалі яго бацькі, там вырас ён, дзве яго сястры, два браты. “Па закліку сэрца я жадаю бачыць Хойнікшчыну працвітаючай, усяляк буду садзейнічаць яе добраўпарадкаванню ў рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства”, – адзначыў ён.   


На здымку: В.В. Барысенка ў час наведвання цэнтральнай раённай бальніцы.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *