Алкаголь і праца — несумяшчальныя


З ТВОРАЎ АНТОНА ЧЭХАВА: СРОДКІ АД ЗАПОЮ


Усім вядома, наколькі згубна ўплывае на здароўе і паводзіны чалавека злоўжыванне алкаголем. Людзі розных прафесій нямала думалі, як перамагчы гэту хваробу, прыдумвалі і прапаноўвалі свае рэцэпты. Цікавыя роздумы можна сустрэць у сатырычных творах А.Чэхава. Напрыклад, у расказе “Сродак ад запою”.

Калі аб’яўленыя канцэрты аказаліся пад пагрозай зрыву з-за беспрабуднага п’янства галоўнага артыста, чытальніка і коміка Дзікабразава, яго антрэпрэнёр скарыстаўся паслугамі тэатральнага цырульніка Грэбяшкова. Той пачаў лячэнне з банальнага збівання артыста-п’яніцы, матывуючы гэта тым, што збівае не Дзікабразава, а д’ябла, у ім сядзячага. Потым у паўштоф гарэлкі ( 0,5 літра), пры выглядзе якога п’яны забыўся пра пабоі, засыпаў усялякую дрэнь – селітру, квасцы, дабавіў ў заключэнне попел ад спаленай анучы і прымусіў усё гэта выпіць. Правёў некалькі такіх сеансаў, і праз тыдзень артыст ужо іграў на сцэне.

Падымаць падобных людзей у разуменні Чэхава – значыць прабудзіць у іх сумленне, прымусіць задумацца над паводзінамі, дапамагчы людзям ацаніць меру свайго ўчынка. Бо прасцей усяго адштурхнуць ад сябе адступіўшагася, куды складаней падтрымаць яго ў цяжкі час.


КІНУЎ ПІЦЬ – ЛЕПШ СТАЛА ЖЫЦЬ


У сельгаспрадпрыемстве “Велікаборскі” нашага раёна практыкуюць метад лячэбнага кадзіравання. Як расказаў дырэктар гаспадаркі А.М. Тальчук, тым, хто пасябраваў з “зялёным зміем” выдаецца аванс для аплаты лячэння. Звычайна яны праходзяць кадзіраванне тэрмінам на адзін год, калі пасля гэтага цяга да спіртнога ўзнікае, зноў накіроўваюцца на працэдуру. І трэба сказаць, што метад дзейсны.

Падзяліўся вопытам лячэння трактарыст Уладзімір Андрэевіч Харошка (на здымку):

– Вяртацца да п’янай звычкі не збіраюся, таму што, па-першае, перад сваёй сям’ёй няёмка. Па-другое, кіраўнік гаспадаркі дае крэдыт даверу, спадзяецца, што не падвяду. Мне выдзелены новы трактар з сеялкай. Працую зараз на веснавой сяўбе. Работу гэту пачалі на палетках ізбыньскага аддзялення гаспадаркі. Побач са мной шчыруюць паляводы Мікалай Сівак і Кацярына Іванюценка, якія загружаюць насенне ў сеялку, а падвозіць яго на трактары Аляксандр Кот.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства спадзяецца, што прайшоўшы нядаўна лячэнне, выправяць паводзіны трактарысты Мікалай Мікалаевіч Дземідзенка, Мікалай Аляксандравіч Харошка, жывёлавод Вера Мікалаеўна Акуленка, тым больш, што працаўнікі яны добрыя.


“АЛКА-ТЭСТ” – МЕТАД   ДЗЕЙСНЫ


Кіраўніцтва КДБУП “Хойніцкая ПМК” дзеля прафілактыкі выпадкаў п’янства на рабочым месцы пайшло па іншаму шляху. Тут за ўласныя сродкі набыты прыбор “Алка-тэст”.

– Людзі, якія працуюць у нашым калектыве, – расказвае дырэктар ПМК Ю.А. Краўцоў, – прафесійна ў вялікай ступені адносяцца да групы рызыкі. Гэта ў першую чаргу датычыць муляраў, якім даводзіцца працаваць на вышыні. І калі чалавек падымаецца на яе ў п’яным стане – гэта недапушчальна, бо да бяды – адзін крок.

Даследаванні на прыборы праводзіць інжынер па ахове працы ПМК С.М. Домніч. Устройства “Алка-тэста” дазваляе рабіць гэта на рабочых месцах. Калі выяўляецца выпадак п’янства, або чалавек мае яго астатачныя з’явы, паступаюць бескампрамісна. Складаецца акт, і з парушальнікамі скасоўваецца працоўны кантракт – такая мера прыменена ўжо ў адносінах пяці муляраў.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *