Як жудасны трылер з жыцця


Сацыяльна неспрыяльных членаў сем’яў, асоб, пазбаўленых бацькоўства, якіх пад прымусам трэба выпраўляць на працу, каб кампенсавалі расходы дзяржавы на ўтрыманне сваіх дзяцей, старшы ўчастковы інспектар аддзела ўнутраных спраў райвыканкома С.М. Гардзейчык ведае не толькі па прозвішчах, але і  па мянушках. У час чарговага рэйду ў рамках акцыі “Сям’я без насілля”, у якім прымалі ўдзел метадыст па абароне правоў дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкома Г.В. Моўчан, інспектар ГПіН раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях М.У. Сёмава і аўтар гэтых радкоў, Сяргей Мікалаевіч даў кароткую і вычарпальную характарыстыку насельнікаў аднаго з дамоў па вул. Настольскай (на здымках): “Нажылі  пяцёра дзяцей, бацькоўскіх правоў пазбаўлены. Наўрад ці калі возьмуцца за розум…”

Алены Цішкевіч не было дома, а яе сужыцель Фёдар Царанок сядзеў на возе ў двары, ажыўлена гутарыў з  аднавяскоўцам Паўлам Дзейчыкам. Павёў у дом, расказваючы аб апошніх, на яго погляд, важных навінах. Аказваецца, нядаўна ён уласнымі рукамі (паказаў як) памыў сябра Качана, апрануў і абуў яго, праводзячы ў апошні шлях. А на працу не выйшаў таму, што ў доме госць – прыехаў з заробкаў брат Алены  і грошай прывёз. Якая ж праца, калі ў доме госці?

 Брат ляжаў на канапе, глядзеў тэлевізар. Каля канапы стаяў растрапаны венік і ляжала куча смецця. Відаць, нехта з насельнікаў дома паімкнуўся было падмесці падлогу, але перадумаў. Сказаць, што ў пакоях дома беспарадак – нічога не сказаць. Калі б не  абшарпаныя сцены, вокны і дзверы,  можна падумаць, што гэта несанкцыяніраваная смеццязвалка. Ніжэй апусціцца нельга. З жахам уявіў тут дзяцей. Безумоўна ж, ім у сто разоў лепш у дзіцячым доме, дзе накормленыя, апранутыя, дзе не патрэбна са страхам чакаць чым пачнецца і закончыцца чарговы дзень. А ў душах людзей, якія далі ім жыццё, цёмна і холадна і даўно страчаны бацькоўскі інстынкт, здольнасць згараць ад сораму. Прычына адна – п’янства.

 Самая першая рэакцыя любога арганізма, не прывучанага да алкаголю, – агіда да выпіўкі, цяжкі ўдар па  нервовай сістэме,  асабліва – па страўнікава-кішэчным тракце. Але чалавек гвалтуе свой арганізм, паступова прывучаючы яго да атручвання, нават ганарыцца тым, што можа выпіць даволі многа. Аднак атрута застаецца атрутай, хоць дае яна падманлівае пачуццё лёгкасці рухаў і думак, хутка змяняюцца ўяўленні аб рызыцы ўчынкаў і слоў. Нездарма ў народзе кажуць, што п’янаму мора па калена. Як дваццацітрохгадовай Аксане М. (далей імёны зменены з-за этычных меркаванняў). Маючы двух- і трохгадовага сыноў, не стыкаецца дома яна, дайшла да той мяжы, калі шклянка са спіртным даражэй дзяцей.

У той вечар, калі наведалі гэтую сацыяльна небяспечную сям’ю, старэйшы  Міколка, набегаўшыся за дзень, заснуў на неразабраным ложку.  Малодшага Максімку бабуля Марыя Апанасаўна карміла боршчыкам са шчаўя.

–  Толькі не забірайце дзяцей, –  са слязьмі на вачах прасіла яна. – Я яшчэ не на пенсіі, але вазьму водпуск, глядзець буду малых. А потым…

– Можа аформіць дэкрэтны водпуск на вас? – прапанавала Г.В. Моўчан. – А дачку прымусіць працаваць…

– Можна і так, – згаджаецца Марыя Апанасаўна. – Толькі дзяцей не забірайце…

І столькі болю ў голасе пажылой жанчыны, крыўды, сораму… Прасцей усяго сказаць, маўляў, сама вінаватая, такую выхавала дачку. Як людзям у вочы глядзець? Якія шукаць апраўданні? Хіба вучыла яна такім паводзінам дачку?

А што растлумачыць чатырохгадоваму Мішку з другой сям’і, які любіць бацьку-алкаголіка, але збалелае сэрца дзіцяці  не можа больш пераносіць пастаянныя скандалы ў кватэры? Што той прамяняў яго і маці на бутэльку саракаградуснай.

– Божанька, зрабі так, каб тата не піў. Мама гаворыць, што ў яго страшная хвароба. Дык вылечы яго.., – просіць малы, стоячы на каленях перад маленькай іконай.

Божанька, у разуменні Мішкі, апошняя інстанцыя, куды яшчэ яны з маці не звярталіся.

…П’янства, алкагалізм – гэта нават не трагедыя, а жудасны трылер нашага часу. І пакутуюць у ім дзеці – будучыня нацыі. П’яніцам лічыцца чалавек, які любіць выпіць і часам бывае п’яным. Не жадаючы выносіць смецце з дому, пакрываюць яго паводзіны, згубную цягу ў сям’і, па месцы працы. І развіваецца хвароба – алкагалізм, калі ў чалавека скажаецца свядомасць, ён пачынае жыць у сваім свеце, быццам іншапланецянін. Дастукацца да алкаголіка ўгаворамі, ушчуваннямі немагчыма. Хіба толькі, калі ён адчуе страх страты нечага вельмі значнага, або страх за сваё здароўе і жыццё.

Нізкі каэфіцыент карыснага дзеяння ад адпраўкі ў ЛПП (у гэтым годзе накіравана 5 жанчын), прымусовага кадзіравання. Дэкрэт Прэзідэнта № 18 нейкім чынам паўплываў на сітуацыю ў тым плане, што можна прымусіць выпівох працаваць і ў нейкай меры кампенсаваць затраты, якія нясе дзяржава на ўтрыманне іх дзяцей. Пэўны эфект дасягаецца і ў сувязі з больш жорсткімі мерамі, якія прадугледжаны змяненнямі і дапаўненнямі ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аднак пакуль больш барацьба ідзе больш з вынікамі, чым з прычынамі іх парадзіўшымі.

…Кожны раз, убачыўшы п’янага, які хістаючыся ідзе па вуліцы, так і напрошваецца пытанне:

– Што табе, чалавек, патрэбна? Дома цябе чакаюць дзеці, смачны абед або вячэра, ты кладзешся спаць у чыстую пасцель. Уяві, што застаўся адзін або з такой жа пастаянна п’янай істотай, як сам. Ні абеду, ні вячэры, бруд навокал, смецце. Як у тым доме, што на вуліцы Настольскай…


Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *