Рэканструкцыя водаправодных і цепласетак


Як паведаміў галоўны інжынер КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С.У. Несцярэнка, па вуліцы К. Маркса г. Хойнікі ідзе замена цепласетак, якія будуць пераключаны на новую крыніцу падачы цяпла: раней гэта была кацельня аўтарамонтнага завода, а зараз ёй стане кацельня жылкамунгаса па вул. Савецкай. Акрамя цеплатрасы па вуліцы К. Маркса, плануецца пракласці новыя трубы і па частцы вуліцы Савецкай. Усяго ж на гэтым участку горада запланавана замяніць 4 кіламетры цепласетак.

Агульны аб’ём рэканструяваных цеплатрас у 2010 годзе дасягне 10 кіламетраў. Наступнай стадыяй рэканструкцыі цепласетак у горадзе стане замена цеплатрасы ад ЦТП па вуліцы Першамайскай да ЦТП торфабрыкетнага завода (4,9 км). Зараз праект на выкананне работ на гэтым участку праходзіць экспертызу, а яшчэ да таго быў праведзены тэндэр на права выканання работ і заключаны адпаведныя дагаворы на пастаўку труб і спадарожных матэрыялаў.

Пачалася і замена цеплатрасы працягласцю 0,5 км у аграгарадку Глінішча. Работы выконваюць спецыялісты трэста “Мазырцепласеткі”. А ўвогуле, палову выдзеленых на рэканструкцыю цепласетак сродкаў работнікі КЖУП “Хойніцкі камунальнік” асвояць уласнымі сіламі.

Вялікі аб’ём работ запланаваны па рэканструкцыі водаправодных камунікацый. Пачата работа па замене водаправода ў населеным пункце Вялікі Бор. Выконваюць яе таксама хойніцкія камунальнікі. Частковая рэканструкцыя водаправодных сетак пачалася і ў горадзе. Поўная замена водаправода будзе ажыццёўлена на ўчастку ад будынка СШ № 2 да вуліцы Кастрычніцкай. Акрамя таго, да Дня беларускага пісьменства будзе рэканструяваны водаправод па вуліцах К. Маркса, Паркавай, Кастрычніцкай, Кірава, Чырвонаармейскай, а таксама ў гарадскім парку. Рэканструкцыі падвергнецца і станцыя абезжалезвання вады, у бягучым годзе павінны быць задзейнічаны ў работу дзве дадатковыя свідравіны, якія ўжо прабураны на станцыі другога пад’ёму вады і на гарадскім водазаборы ў раёне торфабрыкетнага завода.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *