Для нас і будучых пакаленняў


Падзеі, аб якіх пойдзе гаворка, адбываліся ў красавіку 1943 года. Тылы ворага граміла партызанскае злучэнне Каўпака. Рэйд партызан праходзіў і па тэрыторыі нашага раёна. Пад вёскай Навасёлкі адбылася сутычка каўпакаўцаў з карнікамі хойніцкага гарнізона.

Пры наступленні на пазіцыі партызан немцы і паліцаі ў чарговы раз паказалі сваю подлую натуру. Сабраўшы ў вёсцы мірных жыхароў, пад дуламі аўтаматаў і вінтовак яны пагналі іх уперадзе, прыкрываючыся гэтым жывым шчытом, хаваючыся за спінамі людзей, пайшлі ў атаку.

– Падайце на зямлю! – закрычалі партызаны. – І калі навасёлкаўцы  зрабілі гэта, адкрылі прыцэльны агонь па ворагах. У выніку 18 паліцаяў і карнікаў былі забіты. Загінулі ў тым баі і пяць партызан. Падарваўся на міне адзін жыхар вёскі. Паліцаяў падабралі родзічы, а партызан пахавалі ў лесе жыхары Навасёлак.

Аб гэтым многа год назад, працуючы дырэктарам Навасёлкаўскай школы, я пісаў у раённай газеце “Ленінскі сцяг”. Сёння ж мяне прымусіла вярнуцца да даўняй тэмы публікацыя “Так адгукнулася слова” ў газеце “Советская Белоруссия”, у якой паведамлялася, што ў тым рэйдзе ўдзельнічаў жыхар Хойніцкага раёна Іван Пятровіч Арцюшонак, 1924 года нараджэння, які загінуў каля вёскі Вулька-Целеханская Івацэвіцкага раёна.

На жаль, у кнізе “Памяць. Хойніцкі раён” звестак аб нашым земляку няма. Можна меркаваць, што І.П. Арцюшонак тады, у красавіку 1943 года, пачынаў свой баявы шлях, прыйшоўшы ў злучэнне Каўпака. Аднак гэта толькі здагадкі. Невядома, ці перазахаваны ў брацкую магілу на гарадскіх могілках у шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя партызаны, якія загінулі ў баі пад в. Навасёлкі. Ні ў кнізе “Памяць”, ні на мемарыяльных плітах на могілках я не знайшоў іх імён.

Таму і звяртаюся да жыхароў раёна. Калі нешта вядома аб І.П. Арцюшонку, загінуўшых партызанах-каўпакаўцах і месцы іх пахавання, паведаміць у раённую ветэранскую арганізацыю па тэл. 2-15-82 або ў рэдакцыю раённай газеты па тэл. 2-28-69.

Наш доўг і святы абавязак зрабіць усё для таго, каб ні адно імя абаронцы Радзімы не засталося невядомым. Есць яшчэ пахаванні загінуўшых у баях за Айчыну каля населеных пунктаў, у лясах. Устанавіць іх імёны, перазахаваць – гэта патрэбна нам і будучым пакаленням. Бо цаною свайго жыцця яны падарылі жыццё, светлы сённяшні дзень.


М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *