Хлебабулачныя вырабы ацэніць пакупнік


Новая гандлёвая кропка на мінулым тыдні з’явілася ў нашым горадзе па вуліцы Жукава, 2м. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця павільёна  Рэчыцкага хлебазавода-філіяла РУП “Гомельхлебпром” прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкома А.М. Іўкова, намеснік генеральнага дырэктара РУП “Гомельхлебпром” Н.М. Пінчук і дырэктар хлебазавода Л.М. Макарэвіч (на здымку ў цэнтры), якому карэспандэнт “ХН” адрасаваў некалькі пытанняў.

– Леанард Мечыслававіч, пастаўка прадукцыі вашага прадпрыемства ці не стварэнне канкурэнцыі хойніцкаму хлебазаводу?

– Якую канкурэнцыю можа стварыць адзіны павільён, калі хлебабулачныя вырабы хойніцкіх вытворцаў пастаўляюцца ва ўсе гандлёвыя кропкі раёна? Хутчэй гэта дзелавое супрацоўніцтва, бо мы цікавімся, што выпускаюць іншыя хлебазаводы, што новага ў іх. У сваю чаргу, лепшае могуць пераняць у нас. Да таго ж, прадаўцы ў павільёне падабраны мясцовыя, а гэта стварэнне новых рабочых месц.

– І чым вы можаце парадаваць пакупніка-хайнічаніна?

– Практычна ўсімі групамі хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі. Мы выпускаем формавы, подавы віды хлеба, як простыя, так і заварныя, а таксама дыетычную, дыябетычную прадукцыю. Наша задача – пастаўляць яе свежай. Выкарыстоўваем натуральныя дабаўкі: курагу, насенне льну, разынкі, а таксама мікраэлементы і інш., якія дапаўняюць каштоўнасць самага здаровага прадукта харчавання – хлеба.

Безумоўна ж, будзем вывучаць і попыт, патрэбы пакупнікоў. Нашай тэхналагічнай службай у апошні час распрацаваны многія хлебабулачныя вырабы, якія маюць высокі пакупніцкі попыт. Гэта хлеб “Радзімічскі”, “Рэчыцкі дэлікатэсны”, “Рэчыцкі сувернірны”, тарты “Імператрыца”, “Чорнае золата” і іншыя.

– Магчыма, для завода не хапае рынкаў збыту і даводзіцца шукаць іх у іншых раёнах вобласці?

– Завод сёння не працуе на поўную магутнасць, але напэўна, гэта не самае галоўнае. Важней, каб быў асартымент прадукцыі, выкарыстоўваліся сучасныя тэхналогіі, каб мы маглі аператыўна рэагаваць на патрэбы рынку. А наша гандлёвая сетка прадстаўлена даволі шырока. У асноўным гэта горад Рэчыца і Рэчыцкі раён, пастаўляем сваю прадукцыю ў г.п. Лоеў.

Спадзяюся, што знойдзем пакупнікоў і ў Хойніках.  Мы ім забяспечым высокі ўзровень абслугоўвання, каб чалавек, наведаўшы павільён, атрымаў зарад бадзёрасці, энергіі і добрага настрою.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *