Выканаць грамадзянскі абавязак


Многае ў забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва вырашаецца на месцах. Іншымі словамі гаворачы,  за якіх кандыдатаў аддадуць свае галасы выбаршчыкі, як потым будуць працаваць дэпутаты абласнога, раённага, сельскага Савета – такім будзе наша жыццё. Напярэдадні выбараў мясцовых Саветаў дэпутатаў аб гэтым карэспандэнт “ХН” вёў размову са старшынёй акруговай выбарчай камісіі Хойніцкай выбарчай акругі № 59 па выбарах у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў 26-га склікання В.М. ШАЎЧЭНКАМ.

– Віталій Мікалаевіч, назавіце людзей, якія балаціраваліся кандыдатамі ў дэпутаты абласнога Савета, каб абараняць інтарэсы хайнічан у гэтым органе мясцовай улады.

– У адпаведнасці з артыкулам 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь акруговая выбарчая камісія 24 сакавіка 2010 года зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты ў Гомельскі абласны Савет дэпутатаў 26-га склікання намесніка старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Валянціна Васільевіча Барысенку і муляра КДБУП “Хойніцкая ПМК” Мікалая Рыгоравіча Сцешыца.

На 2 красавіка 2010 года барацьбу за месца ў абласным Савеце дэпутатаў працягвае адзін кандыдат – В.В. Барысенка. Акруговая выбарчая камісія ў адпаведнасці з артыкулам 70 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прыняла да ведама пратакол пасяджэння абласнога камітэта Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы мір” ад 2 красавіка аб адмене свайго рашэння ад 2 сакавіка 2010 года аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў па Хойніцкай выбарчай акрузе № 59 Мікалая Рыгоравіча Сцешыца і выключыла з тэкста бюлетэняў усе даныя аб выбыўшым кандыдаце (матэрыял пасяджэння змешчаны ў райгазеце “Хойніцкія навіны”   №№ 28-29 за 10 красавіка 2010 года).

– Як вядома, датэрміновае галасаванне пачалося  ўчора. Яно будзе праводзіцца па 24 красавіка 2010 года ўключна з 10.00 да  14.00 і з 16.00 да 19.00. Галасаванне 25 красавіка – з 8.00 да 20.00. Што зроблена, каб у гэты дзень стварыць людзям святочны настрой?

– На дзень выбараў 25 красавіка запланаваны шэраг культурна-масавых мерапрыемстваў. На ўсіх участках для галасавання будзе працаваць выязны святочны гандаль. Перад выбаршчыкамі з канцэртамі выступяць самадзейныя артысты дзіцячай школы мастацтваў, ГЦКіС “Меліяратар”, сельскіх Дамоў культуры. Адбудуцца спартыўныя мерапрыемствы. І канешне ж, па добрай традыцыі паўсюдна пройдзе ўшаноўванне маладых выбаршчыкаў, памятныя сувеніры атрымаюць упершыню прымаючыя ўдзел у галасаванні.

– Віталій  Мікалаевіч, выкажыце, калі ласка, свае пажаданні выбаршчыкам.

– Удзел у галасаванні – гэта наш грамадзянскі абавязак. У нашым грамадстве адбываюцца змены, і змены да лепшага. І ў гэтым ёсць заслуга кожнага з нас. Мы ўсе хочам жыць лепш, а гэта залежыць ад таго, якія рашэнні будуць прымаць народныя абраннікі на сваіх сесіях, як будуць весці работу ў акругах. Запрашаю выбаршчыкаў прыняць удзел у выбарах і выкарыстаць свой шанс – самому выбраць будучае краіны, нашай  Хойнікшчыны.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *