Мікола Мятліцкі


Землякам


Расселеныя ў розныя куткі
Вясны жахотнай незваротным лёсам,
Нясеце дум самоту, землякі,
Ў мальбе чужым павыстылым нябёсам.
На промнях смертаносных не згарэў
Уздых вятрысты адзінотных дрэў
I поле векавое не астыла.
Падворак хаты сумам забурэў,
Глядзяцца сцены родныя пахіла.
Я вуліцай пустэльнаю іду,
Я слухаю жахотную бяду,
Выгнанніцкае долі чую крокі.
Здаецца: пахіснуся, упаду.
Накрыюць белым саванам аблокі.
Як важка чуць бязмоўе цішыні,
Дзе ўзмах крыла ў крынічнай вышыні,
Дзе ластаўкі наіўна-ценькі шчэбет.
Тут лёг наўкруг, укрыўшы карані,
Асфальт прачорны і халодны шчэбень.
Я пастаю ля вашых сумных хат
На ветравеі ўсіх айчынных страт,
Пачую, як мной страчана багата.
Дык вось яна: з усіх зямных адплат
Скразнога зла ліхвярная адплата.
Калі гады, нітуючы вякі,
Нагамі ступяць зноў на бальшакі.
Дазволена-спалошнага вяртання,
Вы прыйдзеце, я веру, землякі,
Да родных ніў з бязмоўнага кургання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *