Да 24-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі У зоне рызыкі


У тыя  спякотныя майскія дні 1986-га калектыву, які ўзначальваю, было дадзена заданне правесці інспекцыю падстанцый, ліній электраперадач у населеных пунктах, якія належалі абавязковаму адсяленню.

Энерганаглядчыкам патрэбна было зафіксаваць усе паказчыкі лічыльнікаў, праверыць у вайсковых часцях допускі да электраліній. У першы дзень выехаў у зону разам з інспектарам Энерганагляду В.Ф. Ляўкоўскім  і начальнікам раёна электрычных сетак Э.С. Слесарэнкам, каб вызначыць фронт работ. Ужо на наступны дзень разам з намі прыехалі кантралёры Е. Зязюліна, Н. Ладыгіна, С. Рудзянок. Цэлая брыгада займалася фіксаваннем расходвання электрычнай энергіі ў кожнай хаце, на кожнай ферме.

Вайсковыя фарміраванні спыніліся ў Дроньках і Пагонным, там трэба было сачыць за тым, каб дзе не абарвалася лінія і не здарылася бяды. Таксама брыгады энерганаглядчыкаў працавалі ў вёсках Аравічы, Баршчоўка, Краснаселле. Правяралі лічыльнікі, аплату за электраэнергію, фіксавалі, дзе і што неабходна адключыць пасля эвакуацыі.

13 чалавек – кантралёраў і вадзіцеляў – штодзённа адпраўляліся ў зону, каб займацца той працай. Штодзённа быў у рэйсе на ГАЗ-51 (будка-фургон)  і вадзіцель Энерганагляду М. Жаўняк. Разам з усімі выконваў работу. Па месяцу і больш правялі ў зоне рызыкі і нашы кантралёры.

Але не толькі гэтым займаліся. Удзельнічалі ў эвакуацыі жывёлы, пазней дапамагалі эвакуіраваць людзей – пераносілі грузы, размяшчалі дзяцей па машынах і аўтобусах.

Калі ж мералі ўзровень радыяцыі, дзе нам даводзілася быць, то дазіметры паказвалі 280, 600, 790 і вышэй мілірэнтген у гадзіну. Ды тое для нас тады нічога не азначала, ніяк не хвалявала.

Гэта ніколі не забудзецца. На ўсё жыццё адаб’ецца і застанецца ў памяці той трагічны час.


У. БАНДАРЭНКА,
начальнік Энерганагляду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *