Каб жыццё было светлым


Няма сёння не толькі ў краіне, але і ў свеце чалавека, які б не ведаў ці хоць бы не чуў слова “Чарнобыль”. Але ў розных людзей яно выклікае розныя асацыяцыі. У адных – непрыхаванае раўнадушша, у другіх – спачуванне да людзей, якіх захапіла сваім крылом бяда. У трэціх жыве ў сэрцы трывога за тых людзей, якія хоць нейкі час былі там. Есць і чацвёртая – тысячы, дзесяткі тысяч людзей, для каго Чарнобыль супраць волі і жадання стаў часцінкай лёсу. Як для жыхаркі нашага горада Марыі Герасімаўны Яфрым. За ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС яна ўдастоена медаля “За працоўную доблесць”.

– Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, –  расказвае Марыя Герасімаўна, – я працавала медсястрой тубкабінета. Да мяне звярнуўся былы галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы А.П. Тарасевіч з просьбай папрацаваць дазіметрыстам на аглядзе эвакуіраванага насельніцтва. Канешне, згадзілася. І пасля заканчэння кароткатэрміновых курсаў прыступіла да выканання задання. Правярала ўтрыманне радыеактыўнага ёду ў шчытападобнай залозе. Выязджала з брыгадамі медыкаў са Жлобіна, Ваўкавыска, Гомеля ў вёскі Бабчын, Варацец, Мокіш, іншыя населеныя пункты раёна, куды часова перасялілі людзей з эвакуіраваных вёсак. Даныя аб гэтым старанна рэгістравала і прадастаўляла ў штаб, які на той час дзейнічаў пры ЦРБ.

М.Г. Яфрым успамінае, як непрывычна і непрыемна сушыла вусны, пяршыла ў горле. На вуліцы каля трыццаці градусаў спякоты. У машыне і таго больш. Але  больш яе ўразіла вялікая колькасць вайскоўцаў у нашым апусцелым горадзе пасля эвакуацыі жанчын з дзецьмі. Па вуліцах, быццам вялікія зялёныя чарапахі, раз’язджалі бэтээры, і на іх ніхто не звяртаў увагі.

– Маё сэрца пры выглядзе гэтага сціснулася, – гаворыць жанчына. – Перад вачыма паўсталі падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзілася Марыя Герасімаўна ў пасёлку Пальміра ў сялянскай сям’і. Бацька, удзельнік першай сусветнай вайны, на фронт не быў прызваны па ўзросту. Калі карнікі захапілі вёску, ён, маці і іх дзевяць дзяцей вымушаны былі хавацца ад захопнікаў у лесе. Пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе ў сям’і нарадзілася дзесятае дзіця. Першая сямейная трагедыя здарылася праз тры гады – памёрла маці. У 1949 годзе з жыцця пайшоў бацька. Старэйшая сястра Вольга выйшла замуж, брата забралі ў армію. Трох малодшых дзяцей накіравалі ў інтэрнат, астатніх, у тым ліку і Марыю, выхоўвала 20-гадовая сястра Ларыса. Жылі цяжка. 

Падросшы, Марыя ўладкавалася на працу ў рэгістратуру райбальніцы, затым закончыла курсы медсясцёр. Якраз пачыналася асваенне цалінных зямель, і Марыя разам з сяброўкай Людмілай Зелянкоўскай паехала ў Казахстан. Працавала медсястрой хірургічнага аддзялення ў адной з бальніц горада Акцюбінска. Тут яна сустрэла свайго суджанага – малдаваніна Івана Яфрыма. Пажаніліся, нарадзіўся першынец Сяргей, і маладая сям’я вырашыла пераехаць на Хойнікшчыну.  Марыя Герасімаўна ўладкавалася на працу ў райбальніцу, а яе муж – у ПМК-68 , пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага саўгаса-тэхнікума яму прапанавалі тут пасаду механіка, з яе пайшоў на заслужаны адпачынак. У Хойніках у сям’і нарадзілася яшчэ двое дзяцей – сын  Валерый і дачка Людміла, якая пайшла па слядах маці – працуе ў цэнтральнай раённай бальніцы. Іван Георгіевіч Яфрым, таксама ліквідатар аварыі на ЧАЭС, тры гады назад памёр.

На пенсію Марыя Герасімаўна пайшла ў 67 гадоў. Да чарнобыльскай узнагароды дабавілася яшчэ адна – медаль “За асваенне цалінных зямель”, якую ўручалі не так даўно ва ўрачыстай абстаноўцы ў Гомелі.

І цяпер гэта жанчына, якая перажыла дзве вайны – бачную і нябачную – вельмі хоча, каб у яе дзяцей і ўнукаў, усяго маладога пакалення было жыццё светлым, радасным, заможным.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *