Адраджэнне вёскі: што зроблена?

Сельское хозяйство

У бягучым годзе завяршаецца дзеянне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады. Аб тым, што зроблена ў яе рамках у нашым раёне, расказвае карэспандэнту “ХН” начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома А.Р. ВАРАБЕЙ.

– Аляксандр Рыгоравіч, пачнем з сельгасвытворчасці. У якім аб’ёме ў нашым раёне выканана тая частка Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі, якая датычыць развіцця аграпрамысловага комплексу?

– Галоўнымі мэтамі прыняцця названай праграмы з’яўляюцца павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва вёсак, забеспячэнне высокай эфектыўнасці вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У гэтым плане вельмі многае зроблена на Хойнікшчыне. І гэтыя пазітыўныя змены не цяжка заўважыць.

На выкананне праграмы за 2005-2009 гады з усіх крыніц фінансавання ў раён накіравана 17932,448 мільёна рублёў, у тым ліку на развіццё вытворчай сферы вёскі – 1963,63 млн. руб. Гэта дазволіла выканаць устаноўленыя заданні пяці гадоў па вытворчасці збожжа на 106% (заданне 147235 тон, факт – 156461 т), масланасення рапсу – на 222,7% (19098 т пры заданні 8575 т).

Забяспечаны рост вытворчасці валавой прадукцыі да ўзроўню 2004 года на 36,5 працэнта, або 100% задання. А рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці забяспечана на ўзроўні 18-22,1%, што таксама прадугледжана заданнямі праграмы.

Акрамя таго, за гэтыя пяць гадоў рэканструявана і тэхнічна перааснашчана 11 малочнатаварных ферм (157% ад задання праграмы). На гэтых фермах устаноўлена абсталяванне айчыннай вытворчасці.

Таксама пабудаваны малочнатаварны комплекс на 720 галоў у Тунеўшчыне, добраўпарадкавана тэрыторыя 6 малочнатаварных ферм і 4 машынна-трактарных двароў. Рэканструкцыя і новае будаўніцтва вяліся за кошт крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў.

– Развіццё сельгасвытворчасці немагчыма без стварэння і развіцця адпаведнай сацыяльнай інфраструктуры вёскі. Што зроблена ў гэтым напрамку?

– І ў сацыяльнай сферы мы працавалі ў адпаведнасці з палажэннямі праграмы. Перш за ўсё адзначу, што за гэтыя 5 гадоў у раёне пабудавана 5 аграгарадкоў, якія маюць усе неабходныя для сельскага жыхара аб’екты сацыяльнага прызначэння: ФАПы або бальніцы, магазіны і аб’екты сістэмы грамадскага харчавання, аддзяленні сувязі, комплексна-прыёмныя пункты і інш.

Акрамя таго, капітальна адрамантаваны 5 аб’ектаў аховы здароўя (асвоена 1564,1 млн. руб. з раённага бюджэту), столькі ж аб’ектаў гандлю (магазіны ў аграгарадках Судкова, Глінішча, Храпкаў, Стралічава і Вялікі Бор), мадэрнізаваны 4 аб’екты культуры (асвоена 1592 мільёны рублёў з абласнога бюджэту і сродкаў культурнай галіны).

Пры вызначаных праграмай    аб’ёмах будаўніцтва жылля на вёсцы ў колькасці 188 жылых дамоў у раёне пабудавана 88 дамоў.

Для абслугоўвання жыхароў аддаленых вёсак набыты два аўтамагазіны, пры гэтым адноўлена работа магазінаў у населеных пунктах Куравое і Ліствін, у прадпрыемствах сістэмы грамадскага харчавання на вёсцы забяспечана 260 кв. метраў гандлёвых плошчаў, адкрыты 3 бутэрбродныя на 32 пасадачныя месцы і 18 чайных сталоў на 72 месцы.

Адкрыта 10 цэнтраў кааператыўных участкаў з прыёмна-нарыхтоўчымі пунктамі. У аграгарадках адкрыты 5 новых комплексна-прыёмных пунктаў, а ўсяго ў вёсках раёна іх зараз налічваецца 8.

Працаўладкавана 275 жыхароў аграгарадкоў.

У эксплуатацыю ўведзена 700 тэлефонных нумароў, рэканструяваны і пабудаваны 3 лазні, праведзена будаўніцтва і рэканструкцыя 20,36 км электрычных сетак.

– Ведаю, што многае зроблена і ў галіне адукацыі.

– Так, выкананы капітальны рамонт школ і сельскіх дзіцячых садоў у Судкове, Глінішчы, Вялікім Боры і Стралічаве. Праведзена замена дахаў школ плошчай 17 тыс. кв. метраў і рамонт школьных камунікацый працягласцю 12 кіламетраў. Установы адукацыі забяспечаны кадрамі настаўнікаў з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, а ўся мэбля, спартыўны і дапаможны інвентар і абсталяванне школ набываюцца ў адпаведнасці з палажэннямі праграмы.

– Аляксандр Рыгоравіч, што з намечанага палажэннямі праграмы не ўдалося выканаць?

– Па шэрагу прычын як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару ў нас не атрымалася выканаць газіфікацыю населеных пунктаў Слабажанка, Глінішча і Вялікі Бор. Не забяспечаны і ўзровень заработнай платы ў памеры 320-360 долараў ЗША.

Есць рэзерв і ў сельгасвытворчасці. У бягучым годзе нам неабходна павялічыць аб’ёмы вытворчасці малака, бульбы і цукровых буракоў, рэалізацыі жывёлы і птушкі.

У гэтым мы бачым наш патэнцыял, над гэтым і будзем працаваць у бліжэйшы час.

Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, можна сказаць, што рэалізацыя мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі надала новы і магутны імпульс развіццю сферы сельскагаспадарчай вытворчасці ў нашым раёне, дазволіла значна палепшыць умовы жыцця і працы жыхароў вёскі.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *