Асноўны аб’ём работ выкананы


Неадназначны рэзананс сярод жыхароў нашага горада выклікаў знос дрэў у гарадскім парку і на іншых гарадскіх вуліцах і тэрыторыях. Аб работах па добраўпарадкаванню і зносу дрэў расказвае карэспандэнту ”ХН” намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкома, старшыня раённай камісіі па зносу дрэў Алег Уладзіміравіч МАШЭЎСКІ.

– Працэс зносу старых дрэў мае сістэмны і планавы характар. Не сакрэт, што многія старыя дрэвы ў гарадскім парку высаджваліся яшчэ напачатку мінулага стагоддзя. За гэты час амаль усе яны прыйшлі ў нягоднасць і рэальна пагражалі бяспецы людзей.

У час работ па рэканструкцыі гарадскога парка было знесена каля 480 дрэў. Амаль усе яны выгнілі знутры, пасохлі і ледзьве трымаліся, так што ў час моцнай буры хадзіць пад імі было проста небяспечна.

Да таго ж, усе гэтыя ліпы і таполі перашкаджалі пракладцы новых алей і дарожак, будаўніцтву амфітэатра каля стадыёна і адкрытай пляцоўкі каля сядзібы ХІХ стагоддзя. Усяго ж па праекту ад старых дрэў у гарадскім парку неабходна ачысціць тэрыторыю плошчай у 24 тысячы квадратных метраў.

Аднак гэта не азначае, што дрэвы з парка знікнуць назаўсёды. Намі падпісаны дагавор з гомельскай фірмай “Чырвоная гваздзіка”, якая будзе займацца азеляненнем тэрыторыі парка, разбіўкай клумб і кветнікаў. Ужо бягучым летам парк набудзе новы і куды больш дагледжаны выгляд. Напрыклад, плануецца, што ўсяго тут будзе высаджана больш за 1000 маладых саджанцаў. Акрамя таго, засталіся некранутымі рэдкія пароды дрэў: дубы, чырвоныя крымскія лістоўніцы і елкі.

Што датычыць зносу дрэў у іншых мясцінах, то па існуючых будаўнічых нормах дрэвы павінны расці не бліжэй, чым за 3 метры ад сцен дамоў (кустоўе – не бліжэй 1,5 метра). У іншым выпадку яны будуць перашкаджаць правядзенню будаўнічых і рэканструкцыйных работ. Пагэтаму і былі спілаваны дрэвы каля будынкаў РУЭС, раённага Дома культуры, гасцініцы, будуць знесены яны і каля аптэкі па вул. Савецкай.

Новыя дрэвы будуць высаджвацца і на гарадскіх вуліцах. Частка саджанцаў ужо высаджана на рэканструяваных тэрыторыях па вуліцы Калесніка (каля рынку “Юбілейны” і ад будынка ГЦКіС “Меліяратар” да перакрыжавання з вуліцай Лермантава). Там жа пасля падсыпкі газонаў будуць яшчэ высаджвацца дрэвы. Перавагу будзем аддаваць больш практычным пародам: каштанам, ліпам, клёнам.

Хацеў бы адзначыць і той факт, што ў адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь мы не дапускаем самавольных парубак дрэў. Кожнае дрэва, якое падпадае пад знос, абследуецца нашай камісіяй і толькі з яе дазволу адбываецца знос. Самавольны ж знос любога дрэва караецца штрафам у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

Асноўны аб’ём работ па зносу дрэў у горадзе ўжо выкананы і ў далейшым выдаляцца будуць толькі тыя дрэвы, якія перашкаджаюць правядзенню рамонтных і рэканструкцыйных работ.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *