У ходзе канструктыўнага дыялогу


Ахове правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг быў прысвечаны прайшоўшы 15 красавіка адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнкам сустрэлася з працоўнымі калектывамі дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 183, раённых вузлоў электрычнай і паштовай сувязі.

Тэму мерапрыемства асвятліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома В.М. Харошка, адзначыўшы, што Трэцім Усебеларускім сходам вызначана асноўная мэта развіцця нашай краіны – пабудова дзяржавы для народа. У яе рэалізацыі немалая роля адведзена работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, перад якімі стаяць задачы па стабільнаму цеплазабеспячэнню, забяспечанасцю насельніцтва якаснай пітной вадой і г.д.
 
Галоўны інжынер КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С.У. Несцярэнка, выступаючы перад прысутнымі, адзначыў, што актыўна праводзяцца энергазберагаючыя мерапрыемствы, што дазваляе паляпшаць якасць прадастаўляемых паслуг, эканоміць энергарэсурсы і зніжаць затраты. У якасці першачарговых задач на год сёлетні значыцца замена магістральных цеплавых сетак у мікрараёне “Юбілейны” і рэканструкцыя сетак цеплазабеспячэння ад кацельні па вул. Савецкая, 82 да вул. К. Маркса з пераключэннем нагрузак па ацяпленню ад рамонтнага завода.

Пабудаваны дзве артэзіянскія свідравіны на гарадскім водазаборы і заменена 5,5 кіламетра водаводаў ад артсвідравін да станцыі другога пад’ёма г. Хойнікі. У сувязі з гэтым С.У. Несцярэнка адзначыў, што якасць пітной вады ў цэлым адпавядае дзеючым у Беларусі нарматыўным санітарным нормам.

Вялікі аб’ём работ ускладзены на камунальнікаў па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства. У сувязі з гэтым на сустрэчы людзі спрабавалі вырашыць не асабістыя праблемы, а тыя, якія хвалююць пэўную частку калектыву. Прадстаўніку жылкамунгаса, у прыватнасці, было зададзена пытанне наконт рамонту дарог навакольных вуліц горада, таму што асноўная ўвага, як таму і трэба быць, аддадзена цэнтральным, якія будуць знаходзіцца ў эпіцэнтры свята. Было паведамлена, што пакуль няма магчымасці правесці асфальтаванне аддаленых вуліц райцэнтра, аднак робіцца іх падсыпка, праводзіцца ямачны рамонт.

Паштальёны ўздымалі пытанне наконт адлову бадзячых сабак на тэрыторыі прыватнага сектара горада, таму што  ствараюцца пэўныя перашкоды пры выкананні прафесійных абавязкаў работнікамі РВПС. С.У. Несцярэнка прасіў паведамляць у КЖУП “Хойніцкі камунальнік” аб наяўных фактах, меры будуць прымацца аператыўна.

На сустрэчы ІПГ не засталася без пытанняў і сфера гандлю. Праўда, размова ішла не аб абслугоўванні або недахопе гандлёвых аб’ектаў, людзей цікавіў лёс магазіна “Цэнтральны”, які належыць рэканструкцыі. Як расказала намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Г.В. Чэкан, кругласутачны магазін на гэты перыяд размесціцца каля рэстарана, “Галантэрэя” на час пераедзе ў магазін каля першай гарадской сярэдняй школы, а кнігамі будзе ажыццяўляцца гандаль ў памяшканні магазіна “Спорттавары” каля супермаркета.

Прадстаўніком райспажыўтаварыства прыняты да ведама запыты людзей аб пашырэнні асартыменту дзіцячага абутку і адкрыцці дзіцячага кафэ.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка падкрэсліваў, што сустрэчы ў працоўных калектывах – вялікае падспор’е ў рабоце органаў улады. Чым больш уздымаецца пытанняў, тым больш праблем вырашаецца, бо службам не заўсёды ўдаецца прасачыць за ўсімі недахопамі. Канешне, бывае па-рознаму: дзесьці абмеркавалі і хутка выправілі, а дзесьці трэба пачакаць. Тым не менш, разглядваюцца ўсе звароты без выключэння.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *