Не згладзіцца ў сэрцах

Пад знакам Чарнобыля

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ жыцці кожнага чалавека ёсць падзеі, якія ніколі не прападуць з яго памяці. Праходзяць месяцы і гады, а яны альбо грэюць душу цёплымі ўспамінамі, альбо наадварот, вярэдзяць, як незагойную рану. Такой падзеяй, якая перавярнула ўсё жыццё, стала для жыхароў нашага раёна аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Тысячы людзей у тыя самотныя красавіцкія дні былі вымушаны пакінуць родную, абжытую продкамі зямлю і перасяліцца ў новыя і невядомыя раней мясціны. Сярод іх была і жыхарка былой вёскі Уласы К.П. Краўчанка.

Да аварыі на ЧАЭС Кацярына Пятроўна была вядомым у раёне чалавекам: адна з першых на Хойнікшчыне трактарыстак, дэпутат раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, член бюро райкама КПБ. Яна ўваходзіла ў лік 30 жанчын-трактарыстак былога СССР, якія былі ўзнагароджаны ганаровым прызам імя Пашы Ангелінай. Не за прыгожыя вочы і нават не за працоўную экзотыку (нават сёння жанчына на трактары – гэта, выкарыстоўваючы сённяшні слэнг, крута, не кажучы ўжо пра дааварыйныя гады), а за высокую якасць работы, за сумленнасць і працавітасць дасталіся ёй гэтыя высокія званні і ўзнагароды.

Канешне, у нашай размове неаднойчы вяртаецца Кацярына Пятроўна да тых слаўных працоўных будняў, але ўсё ж большую яе частку займаюць успаміны аб роднай вёсцы, аб маляўнічых мясцінах вакол яе, аб прыгажуні-Прыпяці, аб людзях, з якімі разам жылі, працавалі і з якімі бязлітасна і амаль назаўсёды разлучыла чарнобыльская трагедыя.

Я ўсё жыццё да аварыі пражыла ў вёсцы Уласы. Пасля школы скончыла Рудакоўскае СПТВ механізацыі, атрымала пасведчанне трактарыста-машыніста шырокага профілю. Працавала ў родным калгасе «Зара», які потым далучылі да калгаса «Новае жыццё». Старалася, была ў пашане ў кіраўніцтва гаспадаркі, і мужчыны-механізатары паважалі, падтрымлівалі і дапамагалі ва ўсім. Выйшла замуж таксама за трактарыста Міхаіла Пятровіча Краўчанку, ён у той час працаваў у БМУ меліярацыі на землях нашага калгаса. Працавалі, спраўляліся па ўласнай гаспадарцы, выхоўвалі дзяцей. Мясціны каля нашай вёскі былі не толькі маляўнічыя і прыгожыя, але і багатыя на дары прыроды: лес шчодра даваў нам грыбы і ягады, Прыпяць, да якой ад Уласоў было 12 кіламетраў, радавала рыбнымі багаццямі. Здавалася б, што яшчэ чалавеку ад жыцця патрэбна: добрая сям’я, любімая работа, навокал – прырода, якая прыводзіць у захапленне і быццам надае табе дадатковыя сілы.

Але ўсё парушылася ў адну ноч. Аб аварыі на атамнай станцыі даведалася ад пляменніцы, яна разам з яшчэ адным маім пляменнікам працавала там, на ЧАЭС, жылі яны ў горадзе энергетыкаў – Прыпяці. Спачатку, як і ўсе, не прыдалі гэтай падзеі асаблівага значэння: ну здарылася аварыя, бывае. Але калі пачалі высяляць Прыпяць (а ад нас да ЧАЭС напрамую не больш 5 кіламетраў), захваляваліся і мы, жыхары Уласоў і ўсіх навакольных вёсак. Да нас часта прыязджалі прадстаўнікі мясцовай улады, міліцыянеры, супакойвалі разгубленых людзей. Але потым, у самым пачатку мая, з нашай вёскі, як і з усіх іншых навакольных населеных пунктаў, аўтобусамі вывезлі ўсіх дзяцей. Потым пачалі вывозіць калгасную і свойскую жывёлу, а далей чарга дайшла і да жыхароў вёсак.
Ніколі не забуду тую ноч у канцы мая. Як плакалі людзі, як разгублена пыталіся адзін у аднаго: куды нас павязуць, ці надоўга гэта? Нам казалі: не хвалюйцеся, ад’язджаеце ўсяго на тры дні, не болей. Таму з сабой бярыце толькі самае неабходнае – дакументы, грошы, уся ваша маёмасць будзе пад аховай міліцыі. Казалі – на тры дні, а атрымалася так, што на ўсё жыццё…

Спачатку рассялілі нас у Вялікім Боры і ў Партызанскай: каго ў пустуючае жыллё, каго падсялілі да людзей. Потым перабраліся ў Стралічава: жывёлу з адселеных гаспадарак паставілі на жывёлагадоўчым комплексе «Майдан» калгаса «Кастрычнік» (яго, дарэчы, потым таксама адсялілі), а рабочых рук для догляду за ёй не хапала. Мне ж далі трактар, не той, праўда, на якім працавала да аварыі, але таксама перавезены з нашага калгаса «Новае жыццё».
Ужо тады, калі мы жылі ў Стралічаве, дазволілі нам, перасяленцам, заехаць у свае пакінутыя дамы, забраць з сабой што можна. Але вывезці амаль нічога не дазвалялася: дазіметры пры вымярэннях зашкальвалі. Цяжкія ўражанні пакінула тая паездка: хоць і ахоўвалася зона адсялення, але большасць маёмасці была расцягнута, падлогу ў многіх дамах пазрывалі (самагонку шукалі, моцная яна была ў нашых мясцінах і чыстая, як сляза!), усе хлявы, кворткі і дзверы расчынены. А навокал – нязвыклая і маркотная цішыня…

У канцы восені 1986 года па ўсёй Беларусі пачалі здаваць у эксплуатацыю пасёлкі для перасяленцаў. У Стралічаве мы туліліся трыма сем’ямі ў адным доме. Таму калі нам прапанавалі ўласны дом у Рагачоўскім раёне, доўга не раздумвалі, згадзіліся. Дом далі добры, але калі будаўнікоў прыспешваюць тэрміны (паспець да зімы!), недахопаў не пазбегнуць. Вось і ў нашым новым доме было холадна, не ўцяплілі яго як трэба, таму толькі перазімаваўшы ў ім, вырашылі вярнуцца ў наш раён.
Дзякуй тагачаснаму дырэктару саўгаса «Судкова» Мікалаю Іванавічу Садчанку – цёпла прыняў ён нашу сям’ю, выдзеліў дом у Храпкаве, а нам з мужам прапанаваў работу па спецыяльнасці. Так з гэтай гаспадаркі і пайшлі мы на пенсію ў сярэдзіне 90-х гадоў.

Колькі год прайшло, а ніяк не забываюцца мілыя сэрцу мясціны. Бываюць там мае былыя аднавяскоўцы толькі на Радаўніцу, нам жа з мужам гэтыя паездкі з бегам часу даюцца ўсё цяжэй. І здароўе ўжо не тое, і транспарт знайсці няпроста, і расхвалюешся потым так, што доўга супакоіцца нельга. Таму апошні раз былі ва Уласах пяць гадоў таму. Але на будучы год, на 30-годдзе аварыі, хацелася б яшчэ раз наведаць родныя магілы, прайсці па былой сельскай вуліцы, пастаяць на месцы бацькоўскага селішча. Успаміны аб месцы і часе дзяцінства, юнацтва, першага кахання і першага працоўнага дня ніколі не згладзяцца ў нашых сэрцах.

Віктар НАЗАРАНКА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *