«Безумству храбрых поём мы песню!»

Спорт

На фінальным турніры па баскетболу па праграме ХХІІ Спартакіяды школьнікаў вобласці, які прайшоў у спартыўнай зале гімназіі № 46 г. Гомеля, каманда нашага раёна была цалкам сфарміравана на базе Хойніцкай гімназіі. І гімназісткі не падкачалі, прайшоўшы ўсю турнірную дыстанцыю ўпэўнена і пераканаўча, не даўшы саперніцам ніякіх шанцаў. Мяркуйце самі.

У першым жа паядынку групавога турніру нашы дзяўчаты ўпэўнена паверглі мінулагодніх чэмпіёнак вобласці – каманду Жыткавіцкага раёна – 41:12. Крыху болей ачковага ўраджаю ў гульні супраць хайнічанак удалося здабыць іх саперніцам з Веткі, але і ў гэтай сустрэчы наша перавага таксама была падаўляючай – 44:17. Што ж датычыць гульні з камандай Лоеўскага раёна, то дзяўчат з горада над Дняпром было шчыра шкада: хайнічанкі разграмілі іх са збянтэжваючым лікам 61:3. Не выйшлі на гульню супраць нашай каманды дзяўчаты з Чачэрска і ім было залічана тэхнічнае паражэнне з лікам 0:20.

Такім чынам, выхаванкі выкладчыка фізкультуры гімназіі Сяргея Валер’евіча Цярэшчанкі ўпэўнена занялі першае месца ў групе і ў галоўным паядынку за агульную перамогу сустрэліся з пераможцамі другой групы – камандай Петрыкаўскага раёна.

Рашаючы паядынак пачаўся зусім не так, як планавалі нашы дзяўчаты. Ужо ў першай яго чвэрці цяжкую траўму атрымала капітан і сапраўдны лідэр каманды Наталля Навакоўская. Гэта не магло не адбіцца на дзеяннях нашых дзяўчат і на першы перапынак  яны пайшлі, уступаючы ў ліку 2:16. Не многія з балельшчыкаў і спецыялістаў у зале верылі ў той час у перамогу хайнічанак, бо ўзняцца пасля такой форы ўдаецца не многім, нават у вялікім спорце.

Аднак… Аднак “Безумству храбрых поём мы песню!” – пасля абязбольваючых уколаў Наталля ўсё ж такі выйшла на пляцоўку ў другой чвэрці і яе трапныя 3-ачковыя кідкі, дакладныя штрафныя і вывераныя перадачы дазволілі прыкметна ўзняць баявы дух сябровак па камандзе. Уся зала ў гэты час перажывала за нашых дзяўчат і балельшчыкі дружна скандзіравалі: “Наташа! Наташа! Хойнікі! Хойнікі!”. Акрыленыя хайнічанкі спачатку аднавілі перавагу ў ліку, а потым і наогул адарваліся ад саперніц. Фінальны свісток арбітра спыніў адлік табло на лічбах 40:31 на карысць хайнічанак. Перамога!

Пасля заканчэння гульні ў нашых стомленых, але такіх шчаслівых дзяўчат, здавалася б, не было сіл на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання. Аднак іх, а таксама трэнера каманды С.В. Цярэшчанку, ужо чакалі кубак, дыплом за першае месца і медалі, якія заслужана атрымалі сёстры Наталля і Маргарыта Навакоўскія, Вікторыя Прымачэнка, Кацярына Шылун, Крысціна Дрожжа, Дар’я Смольская і Ганна Ляшчынская.

Да гэтага дададзім, што лепшымі снайперамі на турніры сталі сёстры Навакоўскія: у актыве Наталлі 70 ачкоў, а Маргарыта ў выніковых пратаколах адзначылася 59 ачкамі. Віншуем!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *