Святло надзеі


У панядзелак, 26 красавіка, прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, госці горада сабраліся каля помніка Смутку на мітынг, прысвечаны чарговай гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.


Выступаючы перад жыхарамі раёна, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан адзначыў, што Хойнікшчына прайшла цяжкія выпрабаванні, але сёння мы ўжо пераходзім да адраджэння забруджаных земляў. Балючымі былі ўспаміны начальніка аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранава, які прымаў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. У мінуце маўчання прысутныя схілілі галовы ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай трагедыі і ўсклалі вянкі і кветкі да помніка Смутку.


*  *  *


25 красавіка, напярэдадні 24-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, прайшла традыцыйная маладзёжная акцыя “Памяць”. Вучні школ, навучэнцы ДПТВ-183 і працуючая моладзь раёна, усяго больш за 100 чалавек, сабраліся, каб яшчэ раз успомніць аб падзеях тых дзён.

Удзельнікі акцыі з запаленымі свечкамі прайшлі па цэнтральнай вуліцы горада ад будынка ГЦКіС “Меліяратар” да помніка Смутку, дзе і прайшоў маладзёжны мітынг. Музычныя нумары выканалі самадзейныя артысты ГЦКіС “Меліяратар”, тэматычнымі вершамі растрывожылі думкі вучаніцы СШ №3 г. Хойнікі Дар’я Ключнікава і Юлія Валочка.

Па склаўшайся традыцыі ўдзельнікі акцыі пакінулі запаленыя свечкі каля помніка, каб тыя на працягу ўсёй ночы нагадвалі аб трагедыі, якая здарылася амаль чвэрць стагоддзя таму назад, сагравалі сваім цяплом і давалі надзею на лепшае будучае.


*   *   *


У рамках праекта “Памяць” работнікамі музея “Трагедыя Чарнобыля” і ДПТВ-183 праведзена сустрэча з перасяленцамі і сведкамі часу пасля катастрофы на ЧАЭС. Такія мерапрыемствы ў нашым раёне становяцца традыцыйнымі.

На гэты раз сустрэча праходзіла ў актавай зале прафтэхвучылішча. Выступіўшы перад аўдыторыяй,  У.М. Гапіенка, М.М. Пікуль,Б.А. Ляшчынская, В.П. Васіленка, В.А. Гацко расказалі аб цяжкасцях, з якімі давялося сутыкнуцца ў той трагічны час, і як склалася іх жыццё пасля аварыі.

Выкладчыкі і навучэнцы ДПТВ-183 падрыхтавалі цікавую і змястоўную тэматычную праграму, у ходзе якой былі адлюстраваны асноўныя вехі пастчарнобыльскага перыяду.
На памяць аб сустрэчы навучэнцы вучылішча ўручылі гасцям кветкі.  


Падрыхтавалі Ірына НОВІКАВА,
Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *