Абавязак выкананы


Галоўная справа дэпутата мясцовага Савета – добра ведаць праблемы сваёй акругі і данесці іх да адпаведнага Савета, каб прыняць неабходныя нарматыўныя акты, якія дазволяць палепшыць жыццядзейнасць людзей. Менавіта так пераважная большасць выбаршчыкаў нашага раёна разумее ролю народнага абранніка. Таму і праявілі высокую актыўнасць. Больш за 40 працэнтаў хайнічан прагаласавалі датэрмінова. А ў дзень выбараў 25 красавіка ў 12 гадзін на выбарчых участках пабывала ўжо 63,3 працэнта выбаршчыкаў.

Для большасці людзей важная палітычная кампанія, як і раней, з’яўляецца яшчэ і святам. І таму яны хацелі аддаць свой голас менавіта 25 красавіка, многія прыходзілі сем’ямі.

Трэба адзначыць, што ў раёне была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, удзел у якой прынялі і кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Як, да прыкладу, дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар, дырэктары КСУП аў  імя Мележа В.М. Каральчук і “Судкова” А.А. Сцішанок.

На  выбарчых участках для галасуючых упершыню былі падрыхтаваны памятныя сувеніры, члены камісій шчыра павіншавалі юнакоў і дзяўчат з важнай падзеяй у іх жыцці.

 Работнікі раённага спажывецкага таварыства паклапаціліся аб арганізацыі гандлю, прычым трэба зазначыць, што вышэйшым пакупніцкі попыт быў у сельскай мясцовасці.

Самадзейныя артысты раёна выступілі з канцэртамі. Праявілі актыўнасць у гэтым і калектывы навучальных устаноў раёна. Настаўнікі і вучні таксама выступалі на выбарчых участках з нумарамі мастацкай самадзейнасці.

Быў на выбарчых участках арганізаваны прыём грамадзян па асабістых пытаннях намеснікамі старшыні райвыканкома, начальнікамі служб, кіраўнікамі устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. Жадаючыя маглі  набыць білецікі бяспройгрышнай латэрэі, паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, конкурсах.

Выбары адбыліся. Жыхары раёна прагаласавалі за будучае сваіх сем’яў, сваіх населеных пунктаў, за дастойных кандыдатаў у прадстаўнічыя органы ўлады.


Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *