За радком Дырэктывы №2 Праверана часам


Унікнуўшы ў сутнасць Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата”, нельга не адзначыць строгіх і прынцыповых патрабаванняў да службовых асоб, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, да службы статыстыкі і аналізу, выкладзеных у кожным з раздзелаў важнага дакумента.

Гаворыцца ў ім і аб канкрэтных формах работы з грамадзянамі. Радуе, што за час з дня выхаду Дырэктывы некаторыя з іх, правераныя часам, дзейнічаюць у нашым раёне не фармальна, а тэлефонныя “гарачыя”лініі, сустрэчы з насельніцтвам па месцу жыхарства арганізуюцца не дзеля “галачкі”, узнятыя грамадзянамі пытанні не застаюцца без адказу. У многіх жа выпадках, як паказвае практыка, з чалавекам трэба проста пагаварыць па душах, пастарацца зразумець яго, усё растлумачыць – і праблемы часта могуць быць вырашаны на месцы.

…Гэтую жанчыну ў адзел ЗАГС райвыканкома прывялі праблемы з прыватызацыяй жылля. Наведвальніца растлумачыла, што ў пашпартах мужа і дзяцей  значыцца прозвішча “Ходас”, у яе – “Ходос”. Аказалася, што пры рэгістрацыі шлюбу ў Паселіцкім сельскім Савеце, а было гэта больш за 30 гадоў назад, была дапушчана  памылка. Вось і прыйшла жанчына з просьбай аб замене пасведчання аб шлюбе.

Алена Міхайлаўна Дземідзенка ўважліва яе выслухала, зазначыла, што такія выпадкі часта сустракаюцца, але праблема вырашальная. Падказала, як напісаць заяву, якія дакументы прадставіць, якую суму дзяржпошліны заплаціць, назначыла дзень, калі можна прыйсці ў ЗАГС за новым пасведчаннем аб шлюбе. Прамежак часу ўпаўне быў прымальным для жанчыны, і яна, падзякаваўшы і пакінуўшы свае каардынаты, пайшла з добрым настроем.

Гэта толькі адзін выпадак з паўсядзённых службовых клопатаў  аддзела ЗАГС. Яго начальнік А.М. Дземідзенка вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з наведвальнікамі па прынцыпу “аднаго акна”. Шырокая інфармацыя аб гэтым утрымліваецца на стэндзе, які размешчаны пры ўваходзе ў кабінет.

Асноўны аспект дзейнасці аддзела ЗАГС – прыём грамадзян, работа з пісьмовымі і вуснымі зваротамі. Многія жыхары былі адселены ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай, а свае дакументы пакінулі на ранейшым месцы жыхарства. Есць і такія, якія іх згубілі, многім патрэбна ўнесці выпраўленні або аднавіць акты запісаў. Вось і вядзецца перапіска і  не толькі ў межах нашай рэспублікі.

Бываюць выпадкі, калі вырашэнне пытанняў грамадзян патрабуе часу. Напрыклад, для рэгістрацыі нараджэння дзіцяці неабходна ў запісу актаў аб нараджэнні ўказаць нацыянальнасць бацькоў. Калі пасведчанне аб нараджэнні ў мужа або жонкі адсутнічае, то ў межах Рэспублікі Беларусь запрошваюцца неабходныя звесткі  ў ЗАГСе па месцы іх нараджэння. Калі ж гэта трэба рабіць па-за межамі краіны, то згодна з Канвенцыяй аб прававой дапамозе, аддзел  звяртаецца з адпаведным запытам у тую або іншую рэспубліку былога СССР. Заяўнікам таксама растлумачваецца, што яны маюць права самастойна прадставіць свае пасведчанні аб нараджэнні, і рэгістрацыя нараджэння дзіцяці можа быць паскорана.

Добрыя ўзаемасувязі наладжаны паміж аддзелам ЗАГС і дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі. Гэта часцей у тых выпадках, калі справа датычыць афармлення спадчыны.

– Галоўнае ў маёй рабоце  заключаецца ў тым, – адзначыла А.М. Дземідзенка, – каб выконваць свае абавязкі ў рамках закона, але, як таго патрабуе Дырэктыва № 2, чалавечы фактар павінен быць на першым месцы.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *