Расплата воляй за хлеб зладзейскі

Законнасць і парадак

Аляксандр Мікалаевіч, ураджэнец п. Пенінга Муезерскага раёна Карэльскай АССР, у дзяцінстве, калі ў яго пыталіся кім хоча стаць, не ведаў што адказаць. Не вызначыўся з выбарам прафесіі і да 25 гадоў, бо не хацеў наогул працаваць. Але ж той, хто не працуе, не павінен і есці. А смачна паесці Аляксандр любіў. І іншага выйсця, як красці, Мікалаевіч  не бачыў.

У злачынным асяроддзі звання злодзея ў законе не атрымаў, не хапіла таленту. Аднак вядомасць меў, бо неаднаразова садзіўся на лаву падсудных. У красавіку 1990 года судом Рэчыцкага раёна пазбаўлены волі на 3 гады. Адбыў тэрмін, як кажуць, ад званка да званка, а праз год тым жа судом прыгавораны ўжо да 11 год. Пастановай прэзідыума Гомельскага абласнога суда ў кастрычніку 1999 года прыгавор зменены, назначана пакаранне ў 8 год пазбаўлення волі, а затым згодна з вызначэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь у красавіку 2001 года пастанова Гомельскага суда зменена: назначана пакаранне ў 6 год.

Пасля вызвалення не доўга знаходзіўся на волі Мікалаевіч. У хуткім часе за крадзёж суд Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці назначыў яму новае пакаранне – 5 год пазбаўлення волі. А пасля былі новыя “ходкі” ў зону.

4 кастрычніка 2007 года Аляксандр зноў быў вольнай птушкай, але належных вывадаў для сябе не зрабіў. Наадварот, набыты вопыт штурхаў яго на новыя злачынствы. Дзейнічаў па прынцыпу: воўк не шкодзіць на абжытай тэрыторыі. І гэтае правіла прывяло яго ў наш раён.

У ноч на 9 верасня 2009 года праламаў дах і столь у магазіне вёскі Звяняцкае, украў сорак бутэлек гарэлкі і віна, цыгарэты “Прэм’ер”, “Мінск”, “Магнат”, пральныя парашкі, мужчынскае і жаночае адзенне, прадукты харчавання – усяго на суму больш 6 мільёнаў рублёў. Не пагрэбаваў і былым ва ўжыванні электрачайнікам, які належаў загадчыцы магазіна. Усё  гэта, быццам хамяк, цягаў праз дзіркі ў даху і столі.

Лес крадзе – поле бачыць. Не змог замесці сляды злодзей-рэцыдывіст. Судом Хойніцкага раёна Аляксандр Аляксандравіч Мікалаевіч, жыхар вёскі Казазаеўка Рэчыцкага раёна, жанаты, не працуючы прыгавораны да 2 год і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

А праз тыдзень на той жа лаве падсудных сядзеў 48-гадовы жыхар нашага горада Аляксандр Афрыканавіч Главацкіх. Таксама не працуючы, удавец.

З вечара прыгледзеў ён, як у двары каля аднаго з дамоў па вуліцы Паркавай жанчына развешвае сушыцца бялізну. Апоўначы пайшоў здымаць. І прыбраў да рук прасцірадла, навалачкі, падкоўдранік, махровы ручнік, рабочую куртку. Краў з мэтай прадаць і на выручаныя грошы набыць спіртное.

Не ўдалося. Атрымаў па суду 5 месяцаў арышту. Пасля адбыцця пакарання да яго будзе прыменены артыкул 107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – прымусовае лячэнне ад алкагалізму.


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення
правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных
спраў райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *