Ёсць сэнс застацца

Сельское хозяйство Тэрыторыя моладзі

IMG_8543Выхаванне цэнных кадраў – працэс нялёгкі. Патрэбна не толькі напачатку скарэкціраваць правільны шлях, якім пойдзе выпускнік школы, але і канцавы пункт, куды прыйдзе на працу дыпламаваны малады работнік. Пасля гэтага пачынаецца не менш важны этап – замацаванне кадраў.

Кіруючыся гэтай мэтай, аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, так бы мовіць, не здымае руку з пульса – уважліва сочыць за тэндэнцыямі, якія складваюцца ў раёне, асабліва ў сферах, дзе існуе дэфіцыт кадраў.
На мінулым тыдні маладыя спецыялісты аграпрамысловага комплексу і тыя, хто стаіць у рэзерве на кіруючыя пасады – ветурачы, заатэхнікі, эканамісты, у рамках раённага семінара-вучобы па абмену вопытам наведалі Паселіцкі сельсавет. Гэты маршрут выбраны невыпадкова: тут паспяховая гаспадарка і перспектыўны аграгарадок.

Моладзь сустрэлася з адміністрацыяй КСУП «Веляцін», наведала Пудакоўскі МТК, пабывала ў Веляцінскім сельскім Доме культуры, Паселіцкім лясніцтве і Паселіцкім сельвыканкаме. У ходзе наведвання аб’ектаў упэўніліся, што тут выдатныя ўмовы працы. На гэтым базіруецца формула поспеху: жаданне працаваць плюс граматнае кіраўніцтва – у выніку прыбытковая работа.
Сучасны малочна-таварны комплекс у Пудакове – адзін з самых аснашчаных у вобласці. Кіраўніцтва «Велеціна» да маладых ставіцца з павагай: забяспечваюць жыллём, давяраюць адказныя пасады. У сельскім Доме культуры заўсёды чакаюць моладзь на вечары адпачынку, мясцовая бібліятэка таксама карыстаецца попытам з боку маладых работнікаў. Ды і дзеткі тут не сумуюць – вялікая колькасць гурткоў па інтарэсах можа задаволіць любы густ, было б жаданне.
Асноўную думку мерапрыемства выказала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Л.У. Толмач: «Добра прыгледзьцеся да нашага раёна. Пасля адпрацоўкі тут ёсць сэнс застацца». Гэтыя словы пацвердзіў ляснічы Паселіцкага лясніцтва І.К. Гарбарук, які сам некалькі гадоў назад прыехаў у наш раён на адпрацоўку і застаўся. Нядаўна справіў разам з сям’ёй наваселле ў кватэры, выдзеленай яму як маладому спецыялісту, на працу таксама не скардзіцца, ды і вольны час знайшоў як бавіць.

«Арганізаваць цікавы адпачынак можна і самастойна, – такімі словамі пацвердзіла асабісты вопыт старшыня Паселіцкага сельвыканкама Л.М. Зелянкоўская. – Работа работай, але цікава правесці час патрэбна таксама, разам з іншымі можна арганізаваць невялікае свята, гумарыстычны вечар, проста сустрэцца з калегамі».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *