На новай радзіме

Людзі і лёсы

DSC_0182«Хачу быць патрэбным» – гэтыя словы старанна выводзіў у сшытку армянскі хлопчык, чацвёртакласнік Арамаіс Кзікян пры напісанні сачынення на тэму «Кім я хачу стаць». Праз дзесяткі гадоў дзіцячая мара ператварылася ў рэальнасць далёка ад сонечнай Арменіі – на Хойнікшчыне, якую Арамаіс Карапетавіч Кзікян палюбіў назаўсёды.
У атэстаце пасля заканчэння сярэдняй школы насупраць усіх прадметаў каліграфічным почыркам выведзена «выдатна». Без цяжкасцей ён, сын простых рабочых, паступіў на вучобу ў Армянскі дзяржаўны ўніверсітэт (філіял Гаварскі) на электрамеханічны факультэт па спецыяльнасці «машынабудаванне». Закончыў толькі адзін курс, як пачаўся армянска-азербайджанскі канфлікт, які пацягнуў за сабой нестабільную сітуацыю. Жыць стала горш. Юнак тады пераехаў у Растоўскую вобласць, дзе жыў чатыры гады і займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Затым служыў у арміі.
Аб тым, што ёсць такая спакойная краіна – Беларусь – даведаўся яшчэ ў дзяцінстве ад свайго бацькі, які праходзіў воінскую службу ў Мінску. У Калінкавічах жыла родная цётка па мацярынскай лініі, яна і запрасіла Арамаіса ў госці. Жыў тут і працаваў чатыры месяцы, выпадкова ў Мазыры на дні нараджэння ў знаёмых сустрэўся з хойніцкай дзяўчынай Людмілай Данчанка. Яна пасля заканчэння Пінскага банкаўскага каледжа працавала ў Хойніках спецыялістам Беларусбанка па крэдытаванню насельніцтва. Праз некаторы час Арамаіс зразумеў, што Людміла – той чалавек, з якім можна стварыць сям’ю. 26 студзеня 2002 года, пасля выканання ўсіх працэдур, звязаных з рэгістрацыяй шлюбу з замежным грамадзянінам, атрымалі адпаведнае пасведчанне. Абаснавацца маладыя вырашылі ўсё ж у Хойніках. Цяпер у кватэры па вуліцы 70 год Кастрычніка не сціхаюць галасы дачок Шушанікі (у гонар любімай бацькавай цёткі), Маргарыты і сына Івана. Усе вучацца ў гімназіі г. Хойнікі.
Знаёміцца з армянскай раднёй нявестка паехала, калі ўжо сама стала маці. Прынялі, як родную. «Армянскі народ вызначаецца гасціннасцю, – кажа Людміла Аляксандраўна. – Варта толькі зайсці ў дом, як стол адразу накрываюць». Муж пазнаёміў жонку і дзяцей з выдатнымі мясцінамі сваёй малой радзімы. У цэнтры горада Гавар захаваліся рэшткі цыклапічнай крэпасці, прысвечанай богу Халдзі часоў Араратскага царства. Пракаціліся па самай доўгай канатнай дарозе «Крылы Тацева», якая прасціраецца на 6 кіламетраў над маляўнічай і глыбокай цяснінай ракі Варатан. У шасці кіламетрах ад роднага горада Арамаіса Карапетавіча знаходзіцца найбольшае з азёраў Каўказа – незвычайна прыгожае і багатае возера Севан.
Тут, у Хойніках, Арамаіс Карапетавіч раскрыўся як прадпрымальнік: пачынаў у Судкова з цяплічнай гаспадаркі, а потым заняўся рознічным гандлем. Цяпер ён – дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Кзікян і АК», у састаў якога ўваходзяць тры магазіны: «Глорыя» – у райцэнтры, дзе можна набыць касметыку, трыкатаж, тавары бытавой хіміі, «Жамчужына» – у аграгарадку «Судкова» і «Аколіца» – у вёсцы Віць – універсальныя гандлёвыя кропкі з перавагай харчовых тавараў. На прадпрыемстве разам з дырэктарам працуюць 8 чалавек, яго жонка з’яўляецца адначасова і таваразнаўцам, і эканамістам, і прадаўцом. Хаця плошчы гэтых магазінаў не вельмі вялікія, аднак разнастайнасці тавараў можна падзівіцца, і большасць з іх айчыннай вытворчасці. Абслугоўванне наведвальнікаў культурнае і ветлівае. Да таго ж, адкрыліся новыя рабочыя месцы.
Хаця ён не прасіў пісаць аб гэтым, але мы не можам не ўпомніць, што А.К. Кзікян – чалавек шчырай і шчодрай душы. Пастаянна аказвае дапамогу Судкоўскай школе ў правядзенні розных мерапрыемстваў, а жыхароў гэтай вёскі наогул лічыць сваёй раднёй. Часты ён госць з падарункамі і ў Барысаўшчанскім сацыяльным прытулку.
А.К. Кзікян вельмі працавіты. Як сам прызнаўся, што такое водпуск – даўно забыў, а ў годзе ў яго існуюць толькі два выхадныя – 1 і 2 студзеня.
– Ці сумуеце па сваёй Радзіме? – спытала ў Арамаіса Карапетавіча.
Адказаў з усходняй разважлівасцю: «Аб Арменіі помню заўсёды, патрэба там бываць вялікая. Але, абняўшы маму Марджык і бабулю Ганну, якой 94 гады, праз колькі дзён хочу вярнуцца назад. Твой дом – там, дзе твая сям’я. Там, дзе ты патрэбны».

Клаўдзія Босак.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *