Работы яшчэ хапае


Траса Хойнікі-Мазыр – адна з асноўных у нашым раёне і, здавалася б, яна, як візітная картка Хойнікшчыны, павінна ўтрымлівацца ў асаблівай чысціні і парадку. Аднак праехаўшы па ёй, а таксама па прылягаючых тэрыторыях, пераконваешся ў тым, што гэта не зусім так.

Напрыклад, ужо за тэрыторыяй цэха газавай гаспадаркі валяюцца кучы смецця, хапае яго і на полі агракамбіната “Віць” насупраць свідравіны Настольскай МТФ, а таксама на двары самой фермы.

Нельга не заўважыць засмечаныя паперай і пластыкавымі бутэлькамі адкосы прыдарожнай паласы на ўчастку ад Хойнік да вёскі Казялужжа. Збочваем у Казялужжа і з тыльнага боку магазіна па трасе таксама заўважаем кучы попелу і смецця. На тэрыторыі Казялужскай МТФ бачым несанкцыяніраваную смеццязвалку паміж ёмістасцямі і памяшканнямі фермы. Прыкласці рукі патрэбна і на тэрыторыі свідравіны на гэтай жа ферме, дзе неабходна адрамантаваць агароджу і навесці чысціню на тэрыторыі. А яшчэ праз некалькі дзён тут была выяўлена ўцечка вады, якая лілася з перапоўненай вежы і расцякалася па тэрыторыі фермы. Па гэтаму факту складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні.

За мехдваром у Казялужжы на плошчы прыкладна ў 0,3 гектара ржавеюць рэшткі сельгасагрэгатаў, прылягаючая тэрыторыя мехдвара таксама засмечана з боку складскіх памяшканняў.

Праблематычна дабрацца да Казялужскага міні-палігона з-за таго, што пад’езды да яго завалены смеццем, якое даўно патрэбна было падбуртаваць і навесці, нарэшце, там належны парадак.

Ужо на павароце да Кліўской МТФ з трасы Хойнікі-Мазыр бачым смеццязвалку, па ўсяму відаць, створаную мясцовымі жыхарамі. Пад’езды да фермы таксама закіданы выкарыстанай поліэтыленавай плёнкай, абрыўкамі вяровак, іншым смеццем.

Дарэчы, на Кліўскім міні-палігоне таксама неабходна зрабіць падбуртоўку адходаў.

Яшчэ з мінулага года непадалёку ад пладовага сада КСУП “Судкова”, на павароце да вёскі Паташня, узвышаецца вялізная гара з выкарчаваных каранёў дрэў. Аднак, нягледзячы на ўсе выдадзеныя прадпісанні ўбраць іх, карчы так і застаюцца ляжаць некранутымі.

Парадак неабходна навесці і на тэрыторыях, прылягаючых да ўчасткаў арандатараў у Паташні, таксама выдадзена прадпісанне ўбраць звалку на пад’ездзе да Паташэнскай МТФ.

Такая ж смеццязвалка рэгулярна з’яўляецца каля піларамы будаўнічай пляцоўкі КСУП “Судкова”. У антысанітарным стане знаходзіцца вуліца Будаўнічая аграгарадка Храпкаў, дзе хапае смеццязвалак (асабліва каля пакінутых домаўладанняў), у дадатак да ўсяго тут расцякаецца вада ад няспраўнай водаправоднай калонкі.

Хапае работы па навядзенню парадку і на Барысаўшчанскай МТФ. У першую чаргу тут неабходна ліквідаваць драўнінна-кустовыя зараснікі.

Па выніках праверак выдадзены прадпісанні на ўхіленне ўказаных заўваг і парушэнняў кіраўніцтву сельгаспрадпрыемстваў “Судкова” і “Агракамбінат “Віць”, ДБУ-23, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, Барысаўшчанскага і Судкоўскага сельскіх Саветаў.


І. ДУБІНКА,
начальнік раённай інспекцыі прыродных
рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

М. МІХАЛЕНКА,
памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *