Жывуць у рэчах успаміны дарагія…


Пяцельку за пяцелькай сплятаюць пруткі, качаецца клубочак па падлозе, ужо за пяту вяжацца панчошка. Спрытнымі звычнымі рухамі вяжа бабуля Паліна яе праўнучцы. Хіба можна параўнаць гэты выраб з тымі, што ў магазіне прадаюцца і на базар камерсанты прывозяць?

На некага ў двары забрахаў  сабачка Бім (унукі такую мянушку далі, хоць  у шчанюка вуха і не чорнае). Не пачула старая. Мільгацяць у руках вязальныя пруткі, а думкі далёка-далёка. Там, дзе прытулілася на ўзлеску вёсачка Буда. Толькі некалькі хат з упалымі дахамі тут і засталося. Няходжаная больш за 20 гадоў вуліца, адзічэлыя яблыні і густа паросшыя кусты вербалозу, якія сёлета, не дачакаўшыся цяпла, выкінулі нейкія кволыя коцікі.

Вазіў зяць Паліну Арсенцьеўну неяк туды. Заняпала вёска, і быццам цёплым майскім ліўнем упалі на сэрца ўспаміны, заплакала…

Больш за 70 год прайшло з таго часу, як сямігадовай дзяўчынкай пачала жаноцкую працу Паліна Арсенцьеўна Дзянгубенка. Села за кросны, і маці цярпліва вучыла дачку прамудрасцям ткацкай справы. Па сённяшні дзень перад вачыма тая посцілка падвойнага ткацтва, якая не мае споду – аднолькава прыгожая на абодва бакі.

Вучылі дзяўчынак вясковых ткацтву, вышыванню, вязанню. Гэта было галоўнай навукай, бо што ж за жонка прыдзе ў дом мужа без тканага ды вышыванага пасагу? Дзяўчына, што не мела натканага, няўмекай ды няўдаліцай лічылася.

Каласкі, васількі, кветкі, крыжыкі на ручніках вышывала Паліна Арсенцьеўна. І быццам сонейка на іх іграла, калі раніцай, умыўшыся ў двары сцюдзёнай вадой з вядра, муж Іван браў той ручнік у рукі. З ім, знатным на ўсё наваколле паляўнічым і адменным пчаляром, пражылі яны па-добраму і людзі па-добраму зайздросцілі сям’і Дзянгубенкаў. Адзін за адным раслі дзеці – чацвёра дочак і сын.  На пасаг збіраць, вяселлі гуляць. Зноў жа тыя клопаты за самапрадкаю ды кроснамі. Арсенцьеўна, майстрыха ў гэтай справе ва ўсёй  Будзе, ад людзей не ўтойвала сваіх сакрэтаў, а для дачушак і тым больш. Прыбяжыць малодшанькая:

– Мамка! А ў цёткі Насты навалачкі якія прыгожыя! Узор вось прынесла…

Высокага сэнсу Паліна Арсенцьеўна ва ўзоры не ўкладвала. Пабачыла ў кагосьці – самой захацелася выткаць, а яшчэ ж чырвонымі ды чорнымі ніткамі. Справа ткацкая не хуткая, карпатлівая. Управіцца па гаспадарцы – і за кросны. Ткаць заўсёды любіла. І нейкім цяплом струменіць ад кожнага яе вырабу.

Калі тое было? Разляцеліся дзеці з бацькоўскага гнязда, сын ажаніўся, дочкі замуж пайшлі. У Мазыры, Ваўкавыску, Гомелі жывуць.

Дажывалі б старыя век у доме, што разам будавалі, дзе дзяцей расцілі. Але бяда прыйшла нечаканая, чарнобыльская. І давялося пакінуць роднае селішча. У Тунеўшчыне далі ім дом як перасяленцам. Знаходзячыся на пенсіі, трымалі Дзянгубенкі дамашнюю гаспадарку: карову, каня, парсюкоў, птушку. Шумна было на новым месцы, калі дзеці, дзевяць унукаў, а затым ужо і шэсць праўнукаў прыязджалі. Дапамагалі старым і, безумоўна ж, без поўных сумак не ад’язджалі.

А потым засталася адна Паліна Арсенцьеўна: чатыры гады назад пайшоў з жыцця яе Іван Еўдакімавіч, пакінуўшы 77-гадовую ўдаву далей век векаваць. Прадала вуллі з пчоламі, толькі сем засталося, коніка збываць патрэбна, бо стары той ужо. І зяць, які жыў у Мазыры і быў першым памочнікам для цешчы, заўчасна нечакана памёр.

Увесь дзень без справы не сядзіць Паліна Арсенцьеўна. Свінак дагледзіць, курачак, рукадзеллем зоймецца. Увечары да суседкі сходзіць: удваіх тэлевізар глядзець лепш і пагаварыць аб жыцці-быцці можна. А то адчыніць дома шафу, дзе стосікамі акуратна складзены посцілкі. Аж вочы разбягаюцца ад прыгажосці той.  Ніткі заўсёды ў майстрыхі былі мяккія, пушыстыя, каб потым палатно не злягалася.

Высяцца на ложках падушкі з навалачкамі вышыванымі, а на куце абразы “апрануты” ў бялюткія набожнікі. Усё  сваімі рукамі зроблена, кожная рэч – успамін. Не хата, а музей сапраўдны. Вырабы Паліны Арсенцьеўны не для продажу: недзе за мяжой валютай плацілі б, а застануцца для нашчадкаў і добрых людзей.

 

Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *