61 чалавек летась парушыў патрабаванні рэжыму радыяцыйнай бяспекі

Законнасць і парадак

ПГРЭЗ-2016
Нягледзячы на высокі ўзровень радыяцыйнага забруджвання тэрыторый Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на іх пастаянна выяўляюцца грамадзяне, якія апынуліся там не выпадкова. Іх мэта – незаконнае паляванне, лоўля рыбы, збор грыбоў і ягад, вываз металалому, матэрыяльных каштоўнасцей, якія засталіся пасля высялення людзей, часта гэта будаўнічыя матэрыялы.
Усяго ў 2015 годзе затрыманы 61 такі нежаданы візіцёр. На 60 з іх складзены адміністрацыйныя пратаколы па арт. 16.3 КаАП Рэспублікі Беларусь – за парушэнне патрабаванняў рэжыму  радыяцыйнай бяспекі  ў мясцовасцях, якія падвергліся радыяцыйнаму забруджванню (штраф складае ад 10 да 30 базавых велічынь), на аднаго – за незаконны збор грыбоў па арт. 15.26 КаАП Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае штраф да 20 базавых велічынь. Увогуле такія забароненыя «вылазкі» ацэнены ў 2015 годзе ў 127 мільёнаў 530 тысяч рублёў.
Рэйды былі як наземныя, так і водныя, праводзіліся яны як самімі работнікамі сектара аховы запаведніка, так і сумесна з супрацоўнікамі міліцыі, адміністрацыі зон адчужэння і адсялення і іншымі зацікаўленымі.
Людзі, не ўсведамляючы ўсю ступень рызыкі для свайго здароўя, імкнуцца свядома пранікнуць на тэрыторыю запаведніка. Маскіруючыся, яны пракладваюць для гэтага новыя шляхі. Работнікі сектара аховы своечасова рэагуюць на гэта, распрацоўваючы дадатковыя маршруты патрулявання. Летась па перыметру запаведніка, на тэрыторыі Хойніцкага ўчастка, праводзілася перакопка несанкцыяніраваных дарог, пракладзеных мінуючы кантрольна-прапускныя пункты. Там жа ўстанаўліваліся інфармацыйна-ўказальныя аншлагі, а таксама жалезабетонныя пліты ў якасці агароджы.
Яшчэ раз папярэджваю грамадзян: нельга ўжываць у ежу, карыстацца тым, што трапіла ў зону радыяцыйнага забруджвання. Гэта ўзаконенае патрабаванне жыцця не трэба ігнараваць у пошуках сумніўнай нажывы. Вы рызыкуеце не толькі кашальком, але і, як адзначалася вышэй, – здароўем.
А. Бондар, загадчык сектара аховы аддзела лясной гаспадаркі і аховы запаведніка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *