Папоўніў хуліган калонію


22-гадовы ўраджэнец вёскі Партызанская Аляксей Дубавец здольнасцей да навук не меў, ленаваўся. Прызначана была яму праца фізічная, пачэсная таксама ў любым грамадстве. Садысцкія схільнасці бачыць у другім чалавеку сваю ахвяру праяўляліся нястрымна ў Дубаўца асабліва калі ў галаву ўдарала спіртное, да якога прызвычаіўся, мусіць, з таго часу, як толькі выплюнуў соску.

Леташняй восенню ён, забруджваючы вячэрняе паветра агіднай лаянкай, рухаўся па вуліцы Калесніка райцэнтра, калі падлеткі-школьнікі вярталіся з дыскатэкі дадому, дзе, як заўсёды, з хваляваннем іх чакалі бацькі. Каля дома № 9 Дубавец без ніякай на тое прычыны, узмацніўшы сваю ненарматыўную лексіку, прычапіўся да непаўналетняга Аляксея Краўчанкі, рукамі і нагамі стаў біць хлопца, выхапіў нож і нанёс удары нажом у паясніцу і правае бядро.

На дапамогу сябру кінуліся Сяргей Кролікаў і Валодзя Раманенка. Дубавец ударыў нагой у твар Кролікаву, разануў нажом па твары Раманенкі.

Садыста хутка ўтаймавалі і даставілі ў аддзел унутраных спраў, пацярпеўшыя падлеткі трапілі ў цэнтральную раённую бальніцу. Крывападцёкі, сінякі, колата-рэзаныя раны, згодна з заключэннем эксперта,  кваліфікаваны як лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі за сабой кароткатэрміновае расстройства здароўя. Аднак рана на твары Уладзіміра Раманенкі пасля зажыўлення пакінула рубец. Патрэбна касметычная аперацыя.




В беду падают, как в пропасть, вдруг, но в преступление сходят по ступеням.


А.А. Бестужев-Мерлинский.




А.М. Дубавец наўмысна груба парушыў грамадскі парадак, выказваючы яўную непавагу да грамадства. Пагражаў і здзейсніў насілле і над асобамі, якія спынялі яго хуліганскія дзеянні. Прымяніў халодную зброю для нанясення цялесных пашкоджанняў (асабліва злоснае хуліганства), г.зн. здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 339 ч.3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Суд Хойніцкага раёна вызначыў меру пакарання, А. Дубавец асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Выхоўваць яго цяпер будуць у калоніі. Якім яно будзе пакажа час, толькі “байцоўскія” якасці Аляксею там не спатрэбяцца.

…Прачытаўшы гэтыя радкі, трэба каб бацькі, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, якія па вечарах затрымліваюцца на гулянках, бязмэтна ходзяць па вуліцах, сур’ёзна задумаліся: ці не ходзяць там побач яшчэ “дубаўцы”?


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення аховы, правапарадку
і прафілактыкі раённага аддзела ўнутраных спраў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *