Вяртанне ў баявую маладосць


Напярэдадні 65-й гадавіны Вялікай Перамогі работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі арганізавалі сустрэчу для ветэранаў вайны і членаў раённага таварыства інвалідаў, якая праходзіла ў надзвычай цёплай і ўтульнай абстаноўцы. Вядучыя мерапрыемства бібліятэкары А.М. Мідзелоўская, І.І. Карась і М.І. Купецкая шчыра і сардэчна віталі гасцей, у форме літаратурнай кампазіцыі прасачылі асноўныя этапы ваеннага ліхалецця, якое прыйшлося на маладыя гады гасцей,  адзначылі мужнасць і гераізм савецкіх салдат, якія насмерць змагаліся з ненавісным ворагам.

Старшыня раённага таварыства інвалідаў Т.М. Пракошына зачытала прывітальную паштоўку ад кіраўніцтва абласной арганізацыі інвалідаў.

Затым госці сабраліся за салодкім сталом, каб паглядзець канцэрт удзельнікаў фальклорнага калектыву “Медуніца” пры ГЦКіС. Праграма гэтая таксама мела тэматычную накіраванасць, атмасферу тых лёсавызначальных гадоў падкрэслівала ваенная форма, апранутая артыстамі.

Калі ж загучала танцавальная мелодыя з-пад рук акампаніятара Р. Лушча, мала хто з прысутных застаўся сядзець за сталом. Ветэраны кружыліся ў вальсе, быццам скінуўшы са сваіх плячэй добрыя дзесяткі гадоў. І падумалася: ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. На развітанне быў зроблены гэты фотаздымак на памяць.


Алена АНАТОЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *