Выдатны артылерыст


На вялікі жаль, толькі некалькі дзён не дажыў да свайго самага галоўнага свята – Дня Перамогі – ветэран Вялікай Айчыннай вайны А.Я. Яўжэнка. Калі раней разам з в.а. абавязкі дырэктара ТЦСАН Г.М. Скачко наведвалі яго сям’ю, падзялілася сваімі ўспамінамі пра вайну і расказала пра ваенныя будні мужа яго жонка Соф’я Адамаўна.

Аляксандр Якаўлевіч нарадзіўся на Украіне. Сям’я была вялікай – 9 дзяцей, таму ў пошуках лепшай долі Яўжэнкі пераехалі ў вёску Бабчын Хойніцкага раёна. Адукацыі ніякай не атрымаў, бо з маленства давялося працаваць, каб дапамагаць бацькам.

– Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны васемнаццацігадовы Саша разам са сваімі сябрамі пайшоў у народнае апалчэнне, – расказвала Соф’я Адамаўна. – Ішлі яны пехатою на Маскву, адкуль потым іх павезлі ў Сібір, как абучыць ваеннай справе.

Затым быў Украінскі фронт. Артылерыстам прайшоў Аляксандр Якаўлевіч усю вайну. Вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларусь. Далей ваенныя шляхі прывялі ў Румынію. Каля Будапешта падарваў тры танкі, за што  быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі. З вызваленчымі баямі дайшоў да Эльбы, дзе адбылася сустрэча з амерыканцамі. Вестка аб перамозе ў Вялікай Айчыннай застала А.Я. Яўжэнку ў Славакіі. Але на гэтым ваенныя будні для яго не закончыліся. Яшчэ год ён са сваімі саслужыўцамі дапамагаў вызваляць ад бандыцкіх фарміраванняў тэрыторыю Савецкага Саюза.

Акрамя ордэна Чырвонай зоркі ёсць яшчэ ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, знак “Выдатны артылерыст”, многа юбілейных узнагарод, у тым ліку і ўкраінскіх.

– Мне, як пачалася вайна, было 14 гадоў, – гаварыла Соф’я Адамаўна. – Пайшоў на вайну бацька. Мы засталіся з маці. Было цяжка, многа даводзілася працаваць, каб хоць як-небудзь выжыць. Калі моладзь пачалі ўганяць у Германію, і я трапіла ў спіскі. Але нейкім неверагодным чынам маці змагла выпрасіць у бургамістра памілаванне, і ён мяне са спіска выкрэсліў.

З Аляксандрам Соф’я пазнаёміліся ў 1948 годзе, жылі яны тады на суседніх вуліцах. Пажаніліся. Нарадзілі і выхавалі дзвюх дачок і трох сыноў, маюць 8 унукаў і столькі ж праўнукаў.

Больш за 60 гадоў пражылі разам Аляксандр Якаўлевіч і Соф’я Адамаўна, дзелячы і гора, і радасць. Многа гадоў адпрацаваў А.Я. Яўжэнка ў калгасе імя Калініна. Яго жонка была адной з лепшых наборшчыц Хойніцкай друкарні.

– Вельмі хварэе мой гаспадар у апошні час, дрэнна сябе адчувае, – быццам нешта адчуваючы, паскардзілася Соф’я Адамаўна і заплакала…


Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *