Па абавязку і сумленню


У сям’і Вольгі Прохараўны і Адама Піліпавіча Бандарэнкаў гасцям заўсёды рады. Вось і напярэдадні Дня Перамогі яны прыветна сустрэлі мяне ў сваім утульным доме. Пагаварылі аб сённяшнім жыцці-быцці, аб тым часе, калі Вольга Прохараўна працавала фельчарам “хуткай дапамогі” ў раённай бальніцы. I, безумоўна ж, гаспадыня ўспомніла гады сваёй ваеннай маладосці.

18-гадовай дзяўчынай пасля заканчэння Гомельскай фельчарска-акушэрскай школы атрымала дыплом і накіраванне на працу ў вёску Глухавічы Брагінскага раёна, што зусім недалёка ад яе роднай вёскі Пудакоў. Толькі год прайшоў, крыху набралася вопыту, як пачалася вайна. З першых дзён яе ішла неймаверна цяжкімі дарогамі Вольга Прохараўна, камандзір санітарнага ўзвода пяхотнага батальёна. Медыцынскую дапамогу параненым байцам аказвалі на полі бою. Накладвалі павязкі, шыны, жгуты, рабілі ін’екцыі, а потым параненых дастаўлялі ў бліжэйшы медсанбат.

– Кажуць, што чалавек прывыкае да ўсяго, – гаворыць Вольга Прохараўна, – але нельга прызвычаіцца штохвілінна бачыць смерць, кроў, чуць стогны параненых. I трэба было гаварыць абнадзейваючыя словы байцу, ведаючы, што праз некалькі мінут яго не стане.

Пасля дэмабілізацыі Вольга Прохараўна працавала загадчыцай інфекцыйнага аддзялення Хойніцкай раённай бальніцы. З-за недастатковай укамплектаванасці медыцынскімі кадрамі даводзілася выконваць розныя работы: асісціраваць у аперацыйнай, наведваць хворых на даму, лячыць дзяцей.

У 1946 годзе яе назначаюць загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта, які абслугоўваў 5 калгасаў. А гэта 12 вёсак з дарослым насельніцтвам і паўтары тысячы дзяцей. З ранку і да позняга вечара на нагах. Хадзіла па вёсках, рабіла прышчэпкі, прымала роды, лячыла хворых, праводзіла гутаркі з насельніцтвам.

У той час і звязала свой лёс з А.П. Бандарэнкам, які вярнуўся з вайны ў званні старшага лейтэнанта інвалідам другой групы. Інтэлігентны, душэўны чалавек, ён стаў выдатным сем’янінам, прыкладным мужам і бацькам, адказным работнікам, прысвяціўшы сябе працы ў спажывецкай кааперацыі.

З 1959 года Вольга Прохараўна – фельчар “хуткай дапамогі”. А ў хуткім часе да ваенных узнагарод прыбавіліся мірныя. Ей прысвоены ганаровыя званні “Выдатнік аховы здароўя” і “Выдатнік грамадзянскай абароны”. Неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага, гарадскога Саветаў дэпутатаў.

Бандарэнкі вырасцілі і выхавалі добрых дзяцей, усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Радуюць дзядулю і бабулю ўнукі і праўнукі.

Вынесшы ваеннае ліхалецце, ветэраны не ачарсцвелі душой, не згубілі сардэчнай дабрыні, чуласці да людзей. I жадаюць усім землякам быць шчаслівымі і здаровымі, любіць сваю Радзіму і ніколі не ведаць жахаў вайны.


Н. ЗАЛЕЎСКАЯ,
жыхарка г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *