Франтавыя дарогі Платона Яраша


– Хацелася б забыць аб вайне. Вельмі цяжкія ўспаміны звязаны з ёю, – гаворыць Платон Апанасавіч Яраш. – Але гэта немагчыма. Як і нельга нашым дзецям, унукам, будучым пакаленням забываць, якою цаною здабывалася Перамога.

У лістападзе сёлета ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы П.А. Ярашу споўніцца 87 год. Нарадзіўся ён у вёсцы Тунеўшчына ў працавітай сям’і сялян, у якой было пяцёра дзяцей. З дзяцінства любіў працаваць на зямлі. А любоў да гэтага прывілі яму бацька і  мачаха. У дзесяць гадоў хлопчык умеў касіць, хадзіў за плугам, акучваў бульбу, малаціў збожжа цэпам на таку. Тады ўсе сельскагаспадарчыя работы выконваліся ўручную і хапала іх і старым, і малым.

– Бывала, стомішся за дзень, аднак вечарам абавязкова бяжыш на вячоркі да каго-небудзь у хату або ў клуб, – расказвае П.А. Яраш. – У выхадныя дні  моладзь наладжвала спартыўныя спаборніцтвы, ваенныя гульні. Рыхтаваліся да здачы норм БГПА (Будзь гатоў да працы і абароны), “Варашылаўскага стралка” і інш. А з якім гонарам насілі значкі на лацканах пінжакоў!  Цяжкае выпала дзяцінства і юнацтва, але мы былі шчаслівыя. У нас былі ідэалы і мэта ў жыцці. Хацелі стаць такімі, як Стаханаў, Ангеліна, днепрабудаўцы. Героіка іх працы ўсхвалялася ў песнях, вершах, на старонках газет.

У 1939 годзе П.А. Яраш уступіў у камсамол і яго па  пуцёўцы накіроўваюць на фабрычна-заводскае навучанне ў горад Марыупаль, на завод доменных і мартэнаўскіх печаў. Шэсць месяцаў вучобы, і яму прысвойваюць чацвёрты разрад зваршчыка, накіроўваюць у Горлаўку на завод імя Кірава.

Мірная праца савецкіх людзей была перапынена вайной. Адзін з цэхаў завода пераходзіць на выкананне ваенных заказаў. Платону Апанасавічу было даручана вырабляць карпусы да 100-кілаграмовых авіябомб і мінамётных пліт.

Фронт набліжаўся да горада, завод дэманціравалі і накіравалі інжынерна-тэхнічны персанал, пажылых рабочых, станкі і абсталяванне ў Чэлябінск. У маладых было права выбару: ехаць з заводам або ісці на фронт.

Безумоўна ж, моладзь у абсалютнай большасці сваёй выбрала другое. Платон Апанасавіч быў накіраваны ў г. Волагду, дзе асвоіў ваенную спецыяльнасць наводчыка 76-міліметровых гармат і накіраваны ў г. Адэсу. 36 невыносна цяжкіх бесперапынных на подступах да горада і вулічных баёў з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка давялося вытрымаць. Але горад здаўся.

Франтавыя дарогі прывялі артылерыста ў Новарасійск, абарона якога вялася 45 дзён, а потым на крэйсеры “Чырвоны Крым” яго часць была дастаўлена для абароны Севастопаля. Платон Апанасавіч быў цяжка паранены і кантужаны і аказаўся ў шпіталі на Урале, дзе лячыўся каля двух месяцаў, а пасля накіраваны ў толькі сфарміраваны артдывізіён 100-міліметровых супрацьтанкавых гармат, якія валодалі вялікай бранябойнай сілай. Гарматы паступілі на ўзбраенне Савецкай Арміі, калі ў праціўніка з’явіліся цяжкія танкі і самаходкі з моцнай бранёй. 100-міліметровыя снарады лёгка прабівалі яе.

Далей наш зямляк вызваляў Беларусь у ходзе аперацыі “Баграціён”.

– Асабліва цяжкі бой з праціўнікам, – гаворыць Платон Апанасавіч, – быў пад Бабруйскам, дзе была акружана вялікая групоўка нямецкіх войск. Немцы імкнуліся вырвацца з акружэння і кінулі для гэтага вялікую колькасць цяжкіх танкаў і самаходных гармат. Амаль з прамой наводкі на невялікай адлегласці яны былі расстраляны, што дало магчымасць пяхоце з мінімальнымі стратамі выканаць сваю задачу. Нямецкія ваякі склалі зброю.

Пасля Платон Апанасавіч вызваляў Польшчу. Пад Дрэздэнам яго разлік расстраляў два танкі. За той бой артылерыст-наводчык атрымаў медаль “За адвагу”.

Закончыўся яго франтавы шлях на Эльбе, дзе была сустрэча з амерыканскімі салдатамі і афіцэрамі. Дэмабілізаваны 4 красавіка 1947 года, вярнуўся ў родную вёску, стаў працаваць у калгасе “Ленінскі шлях”, а на пенсію пайшоў у 1983 годзе, маючы медаль “За доблесную працу”.

Шчасліва склаўся пасляваенны лёс франтавіка. У 1948 годзе ажаніўся на вясковай дзяўчыне Марыі, якая падарыла яму пяць дачок. На вялікі жаль, ужо дваццаць год, як пайшла з жыцця Марыя Мікалаеўна. І ўвесь гэты час Платон Апанасавіч жыве адзін. У яго тры ўнукі, пяць унучак і дзесяць праўнукаў. Усе яны пры справе, часта наведваюць родны кут і шчыруюць на прысядзібным участку, на той зямлі, якую вызваляў ад ворага Платон Апанасавіч Яраш, квалер ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, уладальнік медаля “За перамогу над Германіяй”.


М. САВЕЛЬЕЎ,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *