Заўсёды заставалася надзея


Кароткая летняя ноч на Ушэсце… Натруджаная спрадвечнай сялянскай працай вёска яшчэ спала. Густа зелянелі палеткі, дружна ўсходзіла бульба, бела-ружовымі пялёсткамі запарушвалі зямлю яблыні і грушы, адцвітаючы. Яшчэ снілі свае лёгкакрылыя сны буслы ў буслянках на стрэхах. Верныя спадарожнікі чалавека, яны і сваё жытло ладзілі разам з ім.

Раніца 3 чэрвеня 1943 года для жыхароў вёскі Небытаў пачалася трагічна. Людзей будзілі ад сну не ласкавыя промні летняга сонейка, а грукат у вокны і дзверы чужынцаў, брэх сабак, вокрыкі карнікаў, стрэлы на падворках. Дарослых і дзяцей выганялі з хаты хто ў чым быў апрануты і пад дуламі аўтаматаў гналі па вуліцах,  да вялікага будынка школы і суседняга з ёю магазіна.

Было зразумела ўсім: бяда! Збіраюцца паліць… Але заставалася надзея: дасць Бог, а можа, абыдзецца…

Ужо аднойчы жыхароў в. Небытаў зганялі пад дуламі аўтаматаў і кулямётаў. Тады, у лістападзе 1941 года, фашысты ачапілі вёску, жыхароў загналі на калгасны двор, і акупацыйная ўлада праводзіла сход, які мог закончыцца таксама расстрэлам. Напярэдадні, 7 лістапада, у Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, у Небытаве быў кароткі, але жорсткі бой. Група чырвонаармейцаў, што трапіла ў акружэнне і не змагла своечасова выйсці да сваіх, атакавала нямецкую часць, раскватэраваную ў вёсцы. Акупанты такога нападу не чакалі, на што і разлічвалі адважныя байцы. З вінтовак, да якіх былі лічаныя патроны, яны паклалі шмат гітлераўцаў. А калі тыя з аўтаматаў і кулямётаў адкрылі агонь, пачалі адыходзіць праз агароды, поплаў, балота – да лесу. На жаль, фашысцкія кулі абарвалі жыццё многіх з мужных і адважных воінаў.

Немцы пад пагрозай смерці забаранілі вяскоўцам выходзіць з хат, нават пазіраць на вуліцу праз вокны. Павольна ехала па дарозе закрытая аўтамашына і ў яе складвалі целы нямецкіх салдат. Чырвонаармейцы заставаліся ляжаць на зямлі.

А потым быў сход. На ачэплены салдатамі натоўп гітлераўцы з усіх бакоў нацэлілі кулямёты. Праз колькі часу пад’ехалі легкавушкі, з іх выйшлі нямецкія чыны. Фашысцкі афіцэр праз перакладчыка звярнуўся да людзей. Сэнс яго прамовы быў наступны: “Учынена страшнае злачынства супраць нямецкіх салдат. Тыя, хто асмеліўся ўзняць зброю на немцаў, забітыя. І так будзе заўсёды. За тое, што напад адбыўся ў вёсцы, усе яе жыхары заслугоўваюць пакарання – смерці. Але, на ваша шчасце, напад зрабілі недабітыя байцы Чырвонай Арміі, сярод іх не было бандытаў – партызан. Таму на гэты раз нямецкая ўлада даруе вам жыццё. Але калі ў вашай вёсцы загіне хоць адзін нямецкі салдат, вы будзеце расстраляныя ўсе…” А яшчэ афіцэр забараніў хаваць забітых чырвонаармейцаў. Некалькі дзён іхнія целы ляжалі пад дажджом, а потым вяскоўцы пахавалі іх у адной магіле. Пасля вайны  астанкі воінаў перанесены ў брацкую магілу на хойніцкіх могілках…

Надзея, што, можа, немцы адпусцяць, знікла, як толькі людзі апынуліся ў зачыненых памяшканнях. Карнікі забівалі дошкамі вокны школы і магазіна. Вакол стаялі эсэсаўцы з аўтаматамі і аўчаркамі, дулы кулямётаў глядзелі на дзверы, вокны. У вайсковай форме з нашыўкамі “РОА” – “Русская освободительная армия” шчыравалі ўласаўцы.

Мой тата, а тады падлетак, змог уцячы з-пад аблавы. Да лесу заставалася рукой падаць, як ён, азіраючыся, ці няма пагоні, з разгону ўскочыў прама ў акоп да немцаў. Перад лесам ворагі выставілі яшчэ адзін ланцуг ачаплення: расстрэльваць тых, хто раптам вырвецца з агню. З вокрыкамі “Па-артызан! Па-артызан!” яго пагналі назад у вёску. На могілках, праз якія давялося ісці, стаяла група ўласаўцаў, ім хлопца і перадалі. Брудна лаючыся рускімі і ўкраінскімі словамі, тыя надавалі яму выспяткаў і павялі да астатніх няшчасных жыхароў Небытава, асуджаных на жудасную смерць.


І гэта было 3 чэрвеня, дзень нараджэння майго таты. Яму спаўнялася 15 гадоў. Ен неаднаразова ўспамінаў той дзень і казаў: “ Няма большай крыўды, калі сваіх людзей губяць свае ж людзі. Вораг ён і ёсць вораг, чужынец. Але ж калі карнікі –  свае, людзі адной з табой крыві, то няма ім даравання”. У вялікай пашане, пад абразамі, у нашым доме стаялі кнігі А. Адамовіча “Карнікі”, Я. Брыля, А. Адамовіча і У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, Б. Сачанкі “Вялікі лес”. Іван Фёдаравіч, бацька, заўсёды сачыў, каб яны былі абгорнутыя белаю чыстаю папераю. Перачытваў сам і раіў чытаць іх іншым: бо ў гэтых кнігах праўда.

…Ужо былі завалены калодзежы, падпалены стрэхі канцавых хат. У Небытаў на хуткасці ўехаў нямецкі аўтамабіль. У кабіне з вадзіцелем сядзеў эсэсаўскі афіцэр, а на падножцы аўтамабіля, трымаючыся за дзверцы, стаяў бургамістр горада Хойнікі.  Машына ў клубах пылу спынілася перад школаю. І афіцэр перадаў камандзіру карнікаў загад эсэсаўскага начальства з жытомірскай жандармерыі, да якой у час акупацыі адносіліся Хойнікі: не паліць вёску, пакінуць да асобага распараджэння. Неўзабаве на ўзмыленым кані прыскакаў і стараста вёскі. Гэта ён, як толькі пачалася аблава, ускочыў на каня і што ёсць сілы паімчаў у райцэнтр. Падняў бургамістра з ложка: “Небытаў паляць! Загад паступіў з Жытоміра, адмяніць яго можа толькі жытомірскае эсэсаўскае кіраўніцтва”. Быў зроблены тэлефонны званок у Жытомір.

Грукат адбіваемых з дзвярэй і акон дошак вяскоўцы не адразу пачулі: плач і галашэнні запаўнялі ўсё навокал. І толькі святло, што ўварвалася праз раскратаваныя шыбіны, ускалыхнула людскі натоўп, сярод якога былі і мае будучыя мама і тата, тады яшчэ дзеці. А потым расчыніліся дзверы…

Калі людзі выйшлі на волю, падалі на калені і цалавалі зямлю. Плакалі, абдымаліся, дзякавалі Богу. Карнікі як з’явіліся, так нечакана і зніклі. А людзі не спяшаліся разыходзіцца. У той дзень мужчыны зрабілі вялікі крыж-хатку. А жанчыны аснавалі кросны, выткалі доўгі ручнік, вышылі яго. Пад вечар крыж укапалі злева пры ўваходзе на небытаўскія могілкі і павязалі вытканы ручнік. Жыхары вёскі пакляліся: колькі будзем жыць, будзем у гэты дзень збірацца разам каля крыжа!

І праўда, да крыжа прыходзілі многа гадоў. Бабуля, Ганна Андрэеўна Верабей, брала мяне з сабою. Добра памятаю, як сонечна было ў тыя дні, як святочна былі апрануты людзі, як расцілаліся на траве, пад разгалістымі дубамі саматканыя ільняныя абрусы і выкладваліся на іх няхітрыя сялянскія пачастункі. А потым з рук у рукі, па крузе, перадавалася  стограмовая чарка з моцнаю і празрыстаю, як сляза, небытаўскаю самагонкаю, і з яе адпівалі па глытку. І гаварылі, гаварылі, гаварылі… Разыходзіліся расчуленыя і прасветленыя.

…Праз колькі часу ў вёсцы з’явілася гаспадарчая нямецкая часць. Акупантаў раскватаравалі па хатах, гаспадары перасяліліся ў хлявы. Пастаяльцы паводзілі сябе спакойна, але людзі стараліся трымацца на бяспечнай адлегласці ад няпрошаных гасцей. У доме майго таты размясцілася нямецкая кухня. Адзін з немцаў, ужо немаладога веку, аказаўся з Усходняй Прусіі. Ен і вёў усе перагаворы з гаспадарамі накшталт “матка, дай скавараду”, “хлопец, накалі дроў, нанасі вады” і г.д. Але ад яго пачулі і іншае: “Пакуль мы знаходзімся ў вашай вёсцы, не бойцеся, жывіце і вы тут. А калі мы будзем адыходзіць, уцякайце і вы. Бо ўслед будуць ісці спецатрады, якім загадана агнём выпальваць усё жывое…”

У сярэдзіне кастрычніка 1943 года часці Чырвонай Арміі фарсіравалі Дняпро пад Лоевам. Пачалося вызваленне Беларусі. Вось і ў Небытаве нямецкая гаспадарчая часць пачала збірацца прэч адгэтуль. Вяскоўцы не сталі чакаць чарговых карнікаў. Нямецкі абоз рушыў у адзін бок з вёскі, яе жыхары ў гэты час, з пажыткамі і худобаю, дружна накіраваліся ў супрацьлеглы, у лес. І больш за месяц, да канца лістапада, вёска жыла табарам ва ўрочышчы Рэчачкі. Вярнуліся дамоў са снегам. Фронт прайшоў праз Хойнікі, Небытаў, спаленыя Куравое, Вялікі Бор і далей, да Калінкавіч. Небытаву пашанцавала ў чарговы раз: вёска ўцалела. Пачыналася новае  жыццё, але лёгкім і простым яно тут ніколі не было…


Ала КАНАПЕЛЬКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *