Рэальны шанс


Жыллёвае пытанне застаецца адным з самых актуальных і важных. Аднак можна сказаць, што ў нашым раёне накоплены добры вопыт вырашэння праблемы. Публікацыям на гэту тэму была адведзена немалая газетная плошча нашай раёнкі. Тым не менш, жыхароў цікавіць, як можна атрымаць або набыць кватэру. І зноў мы запрашаем да размовы начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва, ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС райвыканкома Р.І. КАРЖАНОК.

– Раіса Іванаўна, па тэлефоне звярнулася ў рэдакцыю жыхарка вёскі Барысаўшчына. Яна сказала, што стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у сельскім Савеце, але хоча пераехаць у Хойнікі. Ці магчыма гэта?

– Так, магчыма. І гэта рэгламентуецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 года № 120. Згодна з ім грамадзяне, пражываючыя ў малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях, маюць права палепшыць свае жыллёвыя ўмовы за кошт льготнага крэдытавання банка ў любым населеным пункце ў межах раёна, у тым ліку і ў горадзе Хойнікі.

І зрабіць гэта можна, уступіўшы ў жыллёва-будаўнічы кааператыў. Райвыканкомам у яго ўключаюцца грамадзяне згодна з датай пастаноўкі на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Напрыклад, калі ў Хойніках уключаюцца ў кааператыў грамадзяне, якія састаяць у чарзе з 2006 года, то і пражываючыя на вёсцы і падаўшыя заяву на паляпшэнне жыллёвых умоў у сельсавет на гэтую ж дату, маюць права ўступлення ў жыллёва-будаўнічы кааператыў.

Прыходзьце ў наш аддзел. Мы растлумачым пералік дакументаў, неабходных для гэтага. А далей усё робіцца па даволі адладжанай схеме стварэння кааператыву: выбар зямельнага ўчастка, выраб праектнай дакументацыі, заключэнне дагавора з упраўленнем капітальнага будаўніцтва або з падрадчыкам. Наогул, усё залежыць ад актыўнасці членаў жыллёва-будаўнічага каператыву – райвыканком яго  фарміруе і праводзіць кансультацыйную работу да самага ўводу аб’екта ў эксплуатацыю.

– Яшчэ адна сітуацыя: мнагадзетная сем’я хоча купіць жыллё. Гэта дазваляецца і крэдытуецца дзяржавай?

– Мнагадзетным сем’ям дадзены правы паляпшэння жыллёвых умоў як шляхам пакупкі, так і будаўніцтва. Льготнае крэдытаванне ў такім разе выдаецца пад 1 працэнт на 40 гадоў з разліку 20 квадратных метраў жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцей на аднаго чалавека. Звышнарматыўная плошча аплочваецца за кошт уласных сродкаў.

– Раіса Іванаўна, як вядома Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 131 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 г. № 185” стаў яшчэ адным стымулам для жыллёвага будаўніцтва. Пракаменціруйце, калі ласка.

– Уявіце простую сітуацыю. Сфарміраваны ЖБК са 100 чалавек. 99 аформілі адкрыццё крэдытнай лініі на будаўніцтва кватэры, а адзін у сілу абставін не паспеў. І ўвесь кааператыў будзе яго чакаць. Бо льготныя крэдыты арганізацыя забудоўшчыкаў можа атрымаць тады, калі крэдытныя лініі аформлены на ўсіх без выключэння яго членаў. А далей пачынаецца цэпная рэакцыя. Зрываюцца тэрміны фінансавання новабудоўлі, а, значыць, пачатку будаўніцтва і ўводу дома ў эксплуатацыю. І добра, калі ў генпадрадчыка ёсць свабодныя грошы. Тады можна працаваць за свой кошт. Але праблемы лішняга абаротнага капіталу ні ў кога, як правіла, няма. Вось так забыўлівасць або бязладнасць аднаго члена ЖБК можа нашкодзіць фінансаваму становішчу цэлай будаўнічай арганізацыі. Указ № 131 ухіляе гэту праблему. Арганізацыям-забудоўшчыкам або арганізацыям, выконваючым функцыі заказчыкаў, цяпер дазваляецца выдзяленне льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў для заключэння крэдытных дагавораў з іх членамі. У выніку гэтыя крэдыты будуць перааформлены непасрэдна на грамадзян. На ўмовах, прадугледжаных Указам Прэзідэнта № 185.

Акрамя таго, гэтым Указам дапаўняецца пералік катэгорый грамадзян, маючых права на пазачарговае ўключэнне ў спіскі на льготнае крэдытаванне. Сярод іх грамадзяне, пражываючыя ў службовых жыллёвых памяшканнях па дагавору найма службовага жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонда і да 1 студзеня 2008 года не выкарыстаўшыя права на перадачу ва ўласнасць на платнай аснове службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду.

Прапанаваная Указам схема фінансавання будаўніцтва не пацягне дадатковых выдаткаў грамадзян і павелічэння тэрміну пагашэння імі льготных крэдытаў. Дадатковых бюджэтных сродкаў для рэалізацыі Указа таксама не патрабуецца.

Але падкрэсліваю: адна галоўная ўмова – гэта тое, што чалавек, які хоча пабудаваць або купіць жыллё, павінен у абавязковым парадку стаяць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *