Свята, якое заўсёды з намі


Сярод свят, якія мы адзначаем, 9 мая займае асаблівае месца. Для многіх, асабліва ветэранаў, – гэта асабістае свята. На жаль, іх з кожным годам становіцца ўсё менш. Не хочацца нават і думаць аб гэтым, але прыйдзе такі час, калі не будзе людзей, прыняўшых самыя цяжкія выпрабаванні, праявіўшых небывалую веліч чалавечага духу, паказаўшых прыклады выключнага гераізму, подзвігу і сапраўднага патрыятызму.

Таму сёння, як ніколі, усе мы нясем маральную адказнасць і перад тымі, хто сваім жыццём заплаціў за разгром фашызму, хто застаўся жыць, патушыўшы пекла вайны, уздымаў з руін краіну; і перад новымі пакаленнямі, якія даведваюцца аб вайне з падручнікаў, кніг і кінафільмаў. Гэта адказнасць за тое, каб не толькі абараніць і захаваць гістарычную праўду, але і трывала замацаваць у грамадскай свядомасці правільнае разуменне ўрокаў      Вялікай Айчыннай вайны. Вось чаму кіраўніком нашай дзяржавы А.Р. Лукашэнкам, урадам робіцца ўсё для таго, каб ветэраны адчувалі, што аб іх памятаюць, аб іх клапоцяцца ў святы і будні.

Па добрай традыцыі  ў раённым выканаўчым камітэце 8 мая быў арганізаваны ўрачысты прыём для ветэранаў. Іх, былых франтавікоў і працаўнікоў тылу, усіх, хто ў цяжкія гады ваеннага ліхалецця каваў Вялікую Перамогу, сардэчна павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан.

– Свята 9 мая навекі застанецца ў лёсе Беларусі і кожнага яе грамадзяніна, – падкрэсліў Аляксандр Васільевіч.  – Яно акрыляе і натхняе на добрыя справы, заклікае нашы сэрцы захоўваць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай, берагчы гэту бясцэнную спадчыну. Вы, паважаныя ветэраны, падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам, ствараць, выхоўваць дзяцей. У знак вялікай удзячнасці прыміце нізкі паклон і словы бязмежнай павагі.

Пажадала даўгалецця ветэранам, клапатлівай увагі блізкіх старшыня раённага Савета дэпутаташ Г.М. Рабінкіна.

Па даручэнню кіраўніка дзяржавы старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан і раённы ваенны камісар І.Д. Ніслоўскі ўручылі юбілейныя медалі “65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” і падарункі ветэранам А.А. Марыновічу, З.Г. Гузок, В.М. Галаўко, В.Ф. Сняжко, У.Г. Мельнікаву, В.В. Рубіс, М.К. Захаранка, В.С. Клімянок.

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны М.С. Камешу ўручана Падзяка ад старшыні абласнога  выканаўчага камітэта А.С. Якабсона.

Падзячнае пісьмо ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі і падарунак уручаны Герою Сацыялістычнай Працы А.Я. Вяргейчык.

За святочным сталом вялася задушэўная размова. А.В. Бічан расказаў гасцям аб вытворчых справах, перспектыўным развіцці раёна, пацікавіўся, якія пытанні хвалююць ветэранаў. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанка гаварыў аб патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, вялікая доля працы ў гэтым ветэранаў.

Вядучая ўрачыстасці, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкома І.С. Панчанка адзначыла, што цяперашняе маладое пакаленне шчыра ўдзячна  за мірнае неба над галавой, магчымасць вучыцца і працаваць па сваіх здольнасцях, юнакі і дзяўчаты з гонарам працягваюць добрыя традыцыі старэйшага пакалення.

На сустрэчы з кранальнымі вершаванымі радкамі выступілі навучэнцы дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі. Вучань СШ № 3 Андрэй Сцешыц і гімназісты браты Сяргей і Алег Мядзведзевы выканалі песні ваенных гадоў. А знакамітую “Смуглянку” падпявалі ўсе прысутныя. Кожны радок гэтай песні – не толькі творчы вымысел і не плод уяўлення паэта, а самая сапраўдная, суровая і вялікая праўда вайны. Яна быццам спісана з лёсаў тысяч савецкіх салдат, якія гераічна змагаліся за Перамогу,  – загінуўшых, прапаўшых без вестак, выжыўшых “усім смерцям на зло”, чый бяспрыкладны подзвіг будзе жыць у вяках.

А.В. Бічан запрасіў ветэранаў на святкаванне ў Хойніках 65-годдзя Вялікай Перамогі 9 мая.

Па ўсёй Беларусі, і ў нашым раёне ў прыватнасці, да 65-годдзя     Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй праходзілі шматлікія тэматычныя акцыі. Старым салдатам і сем’ям загінуўшых аказвалася дапамога ў рамонце жылля. Ва ўсіх акцыях актыўна ўдзельнічала моладзь, школьнікі, арганізацыі, дзе ў свой час працавалі ветэраны.

Напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны  білеты новым членам РК ГА “БРСМ” і павязаны піянерскія гальштукі вучням школ.

Адбыліся два велапрабегі: першы з удзелам  моладзі, другі – кіраўнікоў раёна, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, у ходзе якога адбыўся мітынг на брацкай магіле на гарадскіх      могілках.

На мітынгу выступіў жыхар Расіі Віктар Савельевіч Гарадзецкі, які з Омскай вобласці прыехаў з дачкой, каб пакланіцца памяці свайго бацькі Савелія Харытонавіча Гарадзецкага, ураджэнца Адэскага раёна Омскай вобласці, радавога які загінуў пры вызваленні нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікі велапрабегу таксама ўсклалі вянок і кветкі да помніка воінам-даватарцам.

9 мая святкаванне пачалося з адкрыцця Алеі баявой і працоўнай славы на плошчы Танкістаў, расквечанай ад шчаслівых усмешак прыйшоўшых сюды людзей з букетамі кветак у руках і прыехаўшых на машынах ветэранаў, каб раздзяліць урачысты момант. Вядучыя мерапрыемства першы сакратар РК ГА “БРСМ” Л.А. Гаркуша і настаўнік Глінішчанскага дзіцячага сада-СШ А.І. Купрыенка прадастаўляюць слова старшыні раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічану. Кіраўнік раёна, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што глыбока сімвалічна адкрыццё Алеі ў дзень юбілею Вялікай Перамогі, дзень, калі роўна 65 гадоў назад наша свяшчэнная зямля цаной неймаверных намаганняў і ахвяр была ачышчана ад фашысцкіх агрэсараў. І сёння мы схіляем галовы ў памяць аб загінуўшых на палях змаганняў, услаўляем бессмяротны подзвіг нашага гераічнага народа, які ніколі і нікому не ўдасца паставіць на калені.

 У памяці ўдзячных нашчадкаў навечна застанецца подзвіг ветэранаў-хайнічан, партызан і падпольшчыкаў, салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія выратавалі нашу краіну ад зняволення і фашысцкага іга – лейтматыў выступлення на мітынгу старшыні раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанкі і начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкома І.С. Панчанка.

І вось самы ўрачысты момант мерапрыемства – здымаецца белае палатно і позірку паўстае Алея баявой і працоўнай славы з прозвішчамі і звесткамі аб жыцці тых, хто адстаяў Вялікую Перамогу і ўнёс вялікі ўклад у стваральнае мірнае жыццё. Гэта Героі Савецкага Саюза М.А. Грачыхін, У.Г. Калеснік, А.Г. Качаткоў, У.М. Марчанка, Героі Сацыялістычнай Працы – М.Х. Качароўскі, М.П. Хаванскі, У.П. Кот, А.І. Ганжа, Л.В. Сакоўскі, А.Я. Вяргейчык.

У ганаровым каравуле застылі вучні другой гарадской сярэдняй школы, мінутай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў. Да падножжа помніка ўскладзены вянок ад райвыканкома і райсавета дэпутатаў, гірлянда – ад раённай ветэранскай арганізацыі і школьнікаў, кветкі ад прысутных.

Затым цэнтрам урачыстасці становіцца пляцоўка каля ГЦКіС “Меліяратар”, якая поўнасцю аддадзена ветэранам-вызваліцелям і куды прыйшло многа хайнічан, якіх вітае вядучая Л.У. Краўчанка, віншуе з юбілеем. Права ўзняць флаг Перамогі пад гукі песні “Свяшчэнная вайна” прадастаўляецца ветэрану Вялікай Айчыннай вайны М.С. Камешу. Затым слова прадастаўляецца старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкінай.

– Знамянальна, што ў дзень знакавай даты – 65-й гадавіны вялікай Перамогі адзначаецца Дзень  Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь, якія ўвасобілі гераізм і мужнасць нашага народа, стойкасць абаронцаў Айчыны, – гаворыць Галіна Мікалаеўна. – Герб і сцяг – гэта святыні Радзімы. Яны ўвасабляюць пераемнасць пакаленняў, служаць кансалідацыі грамадства ў імя моцнай і працвітаючай Беларусі.

Ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны звяртаецца да прысутных М.С. Камеш, віншуе ўсіх са святам.

Затым пачынаецца святочнае прадстаўленне – праязджаюць машыны з тэматычнымі экспазіцыямі “Гэты Дзень Перамогі…” . Іх назвы: “На Берлін!”, “Бой у руінах горада Мінска”, “Партызаны беларускага Палесся”, “Выступленне агітбрыгады перад байцамі”, “Палявая кухня”, “І вось прыйшло вызваленне!”, “Вызваленне людзей з канцлагера”, “ Уздыманне флага Перамогі над   рэйхстагам”, “Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі”, “Вяртанне салдат дамоў”.

Па галоўнай дарозе за апошняй экспазіцыяй ідуць вучні, выпускнікі танцуюць вальс, далей дзеці пад песню аб міры, дружбе выконваюць танцы з кветкамі і абручамі.

Як апафеоз свята гучыць песня “Дзень Перамогі” ў выкананні хору.

Да позняга вечара на канцэртнай пляцоўцы каля ГЦКіС “Меліяратар” звінелі песні ваенных гадоў, добры настрой хайнічанам стварылі работнікі гандлю і грамадскага харчавання. А завяршыўся гэты знакавы дзень святочным салютам.

Не толькі ў райцэнтры, але і паўсюдна ў раёне адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 65-й гадавіне Вялікай Перамогі. Да помнікаў і абеліскаў загінуўшым воінам ускладзены вянкі і кветкі.

Свята запомніцца як для ветэранаў, так і для маладога пакалення. Наперадзе нас чакае напружаная і ўпартая праца, у якой галоўны арыенцір – дабрабыт і працвітанне нашай роднай Беларусі, дзе пануюць мір і справядлівасць, спакой і парадак.


Клаўдзія БОСАК.
Фота Ірыны НОВІКАВАЙ
                       і Наталлі ЧЭКАН.


Здымкі момантаў урачыстасці глядзіце ў раздзеле Фотарэпартаж.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *