Таленавіты сын Хойнікшчыны


Каштоўным набыткам беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя стала творчасць празаіка Барыса Сачанкі. Нарадзіўся ён 15 мая 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор. Дзяцінства яго прыпала на гады вайны. Родная вёска была спалена фашыстамі, а хлопчык разам з бацькамі ўгнаны ў Германію. Дамоў вярнуліся ў 1945 годзе.

У 1960 годзе Б. Сачанка закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У.І. Леніна. Вучобу спалучаў з працай ў часопісе “Вожык”. Працаваў у аддзеле прозы часопіса “Полымя”. На працягу дзесяці гадоў узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. З 1986 года быў загадчыкам рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У апошнія гады жыцця – галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”.

У адным са сваіх артыкулаў Барыс Сачанка выказаў такую думку: “Пісьменнік – гэта творы. Есць яны – ёсць і пісьменнік. Няма твораў – няма і пісьменніка”. Цяжка з гэтым не згадзіцца.

Б. Сачанку можна не саромецца за зробленае. І справа, урэшце рэшт, не ў колькасці напісанага. Галоўнае ў тым, што большасць яго твораў праўдзіва адлюстроўвалі нашу рэчаіснасць, ярка і шматгранна раскрылі духоўны свет сучасніка, прыцягнулі нашу ўвагу да найбольш важных, актуальных праблем.

Творчы шлях пісьменніка пачаўся з апавядання “Плынь”, надрукаванага ў 1956 годзе ў часопісе “Маладосць”. Першыя кнігі Б. Сачанкі “Дарога ішла праз лес” (1960) і “Барвы ранняй восені” (1962) з’явіліся своеасаблівым адкрыццём Палесся, яго зямлі, людзей, іх думак, побыту.

Па сутнасці, уся творчасць пісьменніка звязана з яго малой радзімай. Родным мясцінам прысвяціў пісьменнік нарыс “Зямля маіх продкаў”, аповесці “Баравое рэха”, “Дзік-бадзяга”. Гісторыя палескага краю раскрываецца ў аповесцях “Варэйка Золата”, “Англіцкая сталь”, “Дыярыуш Мацея Белановіча” і інш.

Своеасаблівым вяртаннем на радзіму стала кніга Барыса Сачанкі “Ваўчыца з Чортавай Ямы” (1978), адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа.

Барыса Сачанку, як, дарэчы, усё яго пакаленне, не чакаў у літаратуры лёгкі лёс.Цяжка было адкрываць Палессе  пасля І. Мележа, пісаць пра палон у Нямеччыне пасля Я. Брыля, ці гістарычныя аповесці – пасля У. Караткевіча. Ісці па чужых слядах, але знайсці сваю сцяжынку – задача з няпростых. І перачытваючы творы Б. Сачанкі, можна знайсці адказ на пытанне: як жа ўсё такі ўдалося не згубіцца на фоне тых, хто ішоў па шляху першым?

Паралельна з тэмай Палесся, пачынаючы з першай кнігі і да апошніх гадоў, праз творчасць Б. Сачанкі праходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны. Прыкметнымі вехамі на шляху яе раскрыцця сталі аповесці “Пакуль не развіднела” (1965), “Апошнія і першыя”(1965), “Аксана” (1968), раманы “Чужое неба” (1975) і “Вялікі лес” (1979-1983).

Адным з лепшых дасягненняў празаіка з’яўляецца аповесць “Апошнія і першыя”. Твор прысвечаны роднай вёсцы пісьменніка, у ім аўтар задумаў стварыць своеасаблівы рэквіем ахвярам вайны. Трагедыю палескай вёскі Рудні, спаленай фашыстамі, Б. Сачанка змог перадаць як трагедыю ўсяго народа, над якім навісла пагроза знішчэння. Убачаная вачыма выпадкова ўцалеўшага хлопчыка Ясіка трагедыя Рудні не толькі хвалюе, але і выклікае ў сэрцы чытача магутны пратэст супраць бесчалавечнасці фашызму. Так аб аповесці калегі адгукваўся вядомы беларускі пісьменнік М. Танк.

Раман-трылогія “Вялікі лес”, праз  які таксама праходзіць тэма вайны, ахоплівае вялікі перыяд жыцця жыхароў вёскі Вялікі Лес і расказвае пра час калектывізацыі, пра суровыя 30-ыя гады. Твор гэты глыбокі і арыгінальны, пісьменнік стварыў у ім цэлую галерэю цікавых персанажаў, як станоўчых, так і адмоўных.

Апошнія зборнікі аповесцяў “Горкая радасць вяртання” (1987), “Родны кут” (1989), “Вечны кругазварот” (1989). Добра праявіў сябе ў гэтыя гады Б. Сачанка як руплівы літаратуразнаўца і публіцыст. Ен пісаў пра малавядомыя старонкі з жыцця Я. Купалы, Я. Коласа, пра Ф. Скарыну і Я. Радзівіла, пра драматычны лёс беларускай інтэлігенцыі. Кніга крытыкі і публіцыстыкі “Сняцца сны аб Беларусі” (1990) была адзначана літаратурнай прэміяй імя І. Мележа. Менавіта дзякуючы Барысу Сачанку мы ўпершыню так шырока пазнаёміліся з літаратурай беларускага замежжа. Яго артыкулы, эсэ, інтэрв’ю, сабраныя ў гэтай кнізе, сведчаць пра тое, што нейкі час у гэтым жанры роўнага яму, здаецца, не было. У іх ён раскрыўся як асоба, якая шчыра і беззапаветна любіць сваю Бацькаўшчыну.
За свае сорак гадоў у літаратуры Барыс Сачанка зрабіў многа – ён не шкадаваў сваіх сіл, працаваў упарта і настойліва. Ен не быў “вольным мастаком”, у яго ўвесь час яшчэ была праца – у часопісе, у выдавецтве, у Саюзе пісьменнікаў. Урэшце ён узваліў на сябе цяжкую ношу – узначаліў выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. Ці не гэтая ноша і падарвала яго здароўе? Памёр Барыс Іванавіч Сачанка раптоўна ў  сваім рабочым кабінеце 5 ліпеня 1995 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Ен ведаў многа таго, чаго іншыя не ведалі. І ён многа сказаў таго, чаго іншыя не сказалі і не могуць сказаць. На жаль, многае не паспеў здзейсніць.

Няўмольны лёс… Заўчасная смерць… І вечная памяць… І заўсёдная чалавечая ўдзячнасць.

Справу пісьменніка працягваюць яго дочкі – беларускія пісьменніцы Галіна Багданава і Святлана Явар, творчасць якіх добра вядома аматарам беларускай паэтычнай і пісьмовай творчасц.


Э. КУЗЬМЕНКА,
загадчыца бібліятэкі
аграгарадка Вялікі Бор.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *